Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома аб затрыманьні і вызваленьні беларускіх добраахвотнікаў у Кіеве


Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны. Фота з Фэйсбуку. Ілюстрацыйнае фота.
Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны. Фота з Фэйсбуку. Ілюстрацыйнае фота.

20 сьнежня ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве паведаміла аб затрыманьні васьмі асобаў, у тым ліку трох грамадзян Беларусі, паводле падазрэньня ў нападзе на паліцэйскіх у цэнтры ўкраінскай сталіцы. Паводле гэтага факту завялі крымінальную справу.

Паводле вэрсіі паліцэйскіх, на вуліцы Храшчацік да супрацоўнікаў паліцыі ў часе нясеньня службы падышла «група агрэсіўна настроеных людзей, якія пачалі нецэнзурна выказвацца. У адказ на патрабаваньне паліцэйскіх спыніць правапарушэньне, хлопцы пачалі выкарыстоўваць сьлезацечны газ».

Для затрыманьня правапарушальнікаў паліцэйскія таксама выкарысталі сьлезацечны газ і зрабілі папераджальны стрэл у паветра. У выніку сутыкненьня чацьвёра супрацоўнікаў праваахоўных органаў вымушаныя былі зьвярнуцца па мэдычную дапамогу.

Пазьней стала вядома, што сярод затрыманых — тры беларускіх добраахвотніка: Ян Мельнікаў, Міхаіл Гулякевіч, прозьвішча трэцяга не называюць. Вядома, што ён мае пазыўны «Вілі».

Што недагаворваюць у гэтай справе

Даволі хутка пасьля гэтага ў інтэрнэце зьявіўся відэазапіс падзеі. На ім бачна, што непадалёк ад стадыёну «Дынама», у бок Эўрапейскай плошчы ўцякае група асобаў, гучны стрэл або выбух сьветлашумавой гранаты.


Але калі і чаму ўзьнік канфлікт з запісу не зразумела. Карыстальнікі ў сацыяльных сетках пачалі паведамляць аб чарговым сутыкненьні сяброў партыі Андрэя Білецкага «Нацыянальны корпус» з паліцыяй.

У Нацыянальным корпусе, які зьвязваюць зь цяперашнім міністрам унутраных справаў Арсенам Авакавым, гэтую інфармацыю зьняпраўджваюць:

«Я ўвогуле ўпершыню пра гэта чую, калі б гэта было насамрэч, то я б пра гэта ведаў. Учора быў мітынг, але па абедзе ўсе разышліся. Я пра гэта нічога ня ведаю. Ва Ўкраіне шмат нацыяналістычных арганізацый, а калі нешта адбываецца, то ўсё роўна пішуць пра «Нацыянальны корпус. Магчыма, што і зараз так», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар «Нацыянальнага корпусу» Раман Чарнышоў. Ён паабяцаў удакладніць інфармацыю, але пазьней ужо не адказваў на тэлефанаваньні Свабоды.

У паліцыі Свабодзе таксама адмовіліся ўдакладніць, якую палітычную прыналежнасьць маюць затрыманыя, і ці зьнятыя падазрэньні зь беларусаў. «Мы ня маем права разгалошваць такую інфармацыю», — заявілі ў прэсавай службе кіеўскай паліцыі ў адказ на пытаньне аб цяперашнім месцы знаходжаньня затрыманых беларусаў.

З раніцы іх спрабавалі знайсьці ў ізалятары і кіеўскіх судах — паводле працэсуальнага кодэксу, ім сёньня мусілі абраць меру папярэдняга стрыманьня. Аднак судовых пасяджэньняў не адбылося, а потым высьветлілася, што яны ўжо вызваленыя.

Вядома, што іхным вызваленьнем займаўся адвакат Эдуард Вярбінец — гэты юрыст неаднаразова абараняў інтарэсы добраахвотнікаў з батальёну «Азоў», а вэтэраны гэтага падразьдзяленьня ёсьць асновай партыі «Нацыянальны корпус» і гэтак званага «Азоўскага руху».

Сваю вэрсію затрыманьня беларусы не паведамляюць. У той жа час, як удалося высьветліць Свабодзе, усе гэтыя актывісты накіроўваліся ў Апэляцыйны суд Кіева, каб падтрымаць адну з арыштаваных у справе Паўла Шарамета Юлію Кузьменку — у гэты дзень суд мусіў разглядаць яе апэляцыю на арышт, але пракуроры не зьявіліся на пасяджэньне.

Пазьней сілавікі штурмавалі судовую залю, каб вывезьці падазраваную ў ізалятар — яна адмаўлялася выходзіць са шклянога боксу, патрабуючы разгляду апэляцыі разам са сваёй групай падтрымкі.

Сёлета ў чэрвені беларускія добраахвотнікі ўдзельнічалі ў акцыі, арганізаванай «Нацкорпусам» пад адміністрацыяй прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага. Тады яны патрабавалі ўкраінскага грамадзянства для ўсіх замежных добраахвотнікаў.

Паводле інфармацыі Свабоды, усе добраахвотнікі, якіх 20 сьнежня затрымалі і 21 сьнежня вызвалілі, ужо падрыхтавалі і перадалі дакумэнты на атрыманьне грамадзянства Ўкраіны, але пытаньне пакуль вырашаецца, і наяўнасьць крымінальнай справы можа перашкодзіць гэтаму працэсу.

Што папярэднічала гэтым падзеям

12 сьнежня ва Ўкраіне затрымалі траіх падазраваных у арганізацыі і забойстве Паўла Шарамета — музыку і вайскоўца Андрэя Антоненку (нібыта ён арганізаваў злачынную групу для забойства журналіста); дзіцячага кардыяхірурга, валянтэрку Юлію Кузьменку (нібыта падкладвала разам з Антоненкам выбухоўку пад аўтамабіль і дыстанцыйна прывяла яе ў дзеяньне) і вайсковую мэдсястру Яну Дугар (нібыта зьбірала інфармацыю пра графік перамяшчэньняў Паўла Шарамета і фіксавала месцы разьмяшчэньня камэр вонкавага назіраньня паблізу і на месцы злачынства).

Лідэр партыі «Нацыянальны корпус» Андрэй Білецкі адразу заявіў, што гэтыя затрыманыя ня маюць дачыненьня да забойства Паўла Шарамета, і назваў іх арышт «абсалютна сыстэмнай працай каманды Зяленскага на дыскрэдытацыю вэтэранскага, добраахвотніцкага і валянтэрскага руху».

З 17 сьнежня, цягам некалькіх дзён, у Кіеве пад Вярхоўнай Радай Украіны адбываліся мітынгі супраць скасаваньня мараторыю на продаж зямлі. У першы дзень, калі ўдзельнікі акцыі пачалі ўсталёўваць намёты, праваахоўныя органы сілай спрабавалі разагнаць акцыю. У «Нацыянальным корпусе» сьцьвярджалі, што яны толькі ахоўвалі «аграрыяў, якія выступаюць супраць продажу зямлі». І менавіта тады адбыліся першыя сутыкненьні «Нацкорпусу» з паліцыяй, у выніку якіх загінуў адзін пратэстовец.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG