Добраахвотнік з Тактычнай групы «Беларусь» Ян Мельнікаў у інтэрвію Свабодзе распавёў, чаму і як беларусы ваююць на Данбасе.
Ян Мельнікаў, 22-гадовы беларус, які ваюе на ўкраінскім баку ў Тактычнай групе «Беларусь». Група налічвае некалькі дзясяткаў беларусаў, якія аб’ядналіся ў асобную баявую адзінку ў сьнежні 2014-га. Беларускі добраахвотнік апавёў Радыё Свабода, што цяпер адбываецца ў зоне баявых дзеяньняў.
— Што за байцы ў Тактычнай групе «Беларусь»?
— У асноўным гэта хлопцы, якія ехалі ваяваць у «Правы сэктар». Аб’ядналіся разам і афіцыйна пра сябе заявілі мы ўвосень 2014 году. Хтосьці прыехаў паасобку, хтосьці ўдвух, каб разам з украінцамі змагацца са сваім агульным ворагам — імпэрскай Расеяй. Бо мы разумеем, што вайна — гэта не канфлікт і праблема Ўкраіны. Ад яе выніку залежыць лёс усіх краін Усходняй Эўропы.
— Чаму менавіта «Правы сэктар» аказаўся беларусам блізкі па поглядах? Ва Ўкраіне гэта арганізацыя спазнае шмат крытыкі, але мае і такіх жа гарачых прыхільнікаў.
— Так сталася, што я прыехаў яшчэ на рэвалюцыю. Калі даведаўся, што ёсьць першыя загінулыя на Майдане і сярод іх — мой суайчыньнік. На той момант «Правы сэктар» быў для мяне згуртаваньнем патрыятычнай моладзі, якая хацела зьменаў і жыцьця ў новай краіне. Гэта была адзіная рашучая сіла. З таго часу я застаўся.
Што да хлопцаў, якія прыехалі канкрэтна на вайну і пайшлі ў «Правы сэктар», то ПС — гэта адзіная структура, якая прымае іншаземцаў, і дзе можна знаходзіцца, не падпісваючы кантракту. Гэта значыць, па факце ня быць наёмнікам і змагацца разам з украінцамі. Дапамагаць ім ня словам, а справай.
А крытыкуюць «Правы сэктар», на маю думку, тыя людзі, якіх крытыкуе «Правы сэктар». Тыя людзі, якія засталіся з часоў Януковіча, ці тыя, хто зараз робіць на шкоду свайму народу. Ня бачу, каб людзі, якія нідзе не былі заўважаныя ў скандалах і карупцыйных схемах, казалі нешта адмоўнае пра «Правы сэктар».
— Ці маюць добраахвотнікі вайсковую падрыхтоўку, ці ўсяму даводзіцца вучыцца ўжо на вайне?
У нас зьявіліся нават такія людзі, як Эдуард Лобаў. Ён меў ужо досьвед армейскі і служыў у войску. Ёсьць хлопцы, якія служылі ў войску. Ёсьць людзі, якія бралі ўдзел у іншых канфліктах.
Збольшага гэта людзі, якія да войска дачыненьня ня мелі. Таму ўвесь досьвед вайсковы атрымалі тут. У кожнага батальёна ёсьць вышкальная база. За некалькі месяцаў людзі праходзяць падрыхтоўку. Гэта нешта накшталт Курсу маладога байца, але больш паглыбленае. Ня маршам там вучаць хадзіць, а карыстацца зброяй, тактыку гарадзкога бою вывучаюць. Такія аспэкты, якія патрэбныя на вайне.
— Калі вы ўпершыню ўдзельнічалі ў вайсковых дзеяньнях?
— Адразу, як Крым акупавалі, «Правы сэктар» пачаў ствараць сваю баявую адзінку. Пачаліся вышкалы, пачалі арганізоўвацца базы, спэцыялісты з баявым досьведам прыяжджалі як інструктары, навучалі.
Навучаньне праходзіла з сакавіка месяца аж да першай адпраўкі на фронт — да чэрвеня. За гэты час я сустрэў адмыслоўцаў з розных школ. Былі сярод іх грузіны, якія прымалі ўдзел ва ўсіх грузінскіх канфліктах з 1993 году.
Па факце першы баявы выезд быў 11 траўня, калі быў рэфэрэндум (11 траўня 2014 — так званы рэфэрэндум пра самавызначэньне ДНР і ЛНР). Гэта быў выезд у Чырвонаармейск. Дык дзякуючы таму, што туды своечасова прыехаў «Правы сэктар», у Чырвонаармейску сэпаратысты затрымаліся на тыдзень-два — ня болей. Там рэфэрэндум быў сарваны.
Правы сэктар не належыць да ўладных структур, таму ўся наша зброя трафейная, якую здабылі ў баі. Спачатку зброі не хапала, а калі яе стала дастаткова, каб ісьці на фронт, то ўжо ў чэрвені пачаўся баявы шлях «Правага сэктару».
У Пясках каля Данецкага аэрапорту ў нас ужо былі свае пазыцыі, мы называліся БНР, на нашы пазыцыі прыходзілі з паролем «Жыве Беларусь»
А што тычыцца Тактычнай групы «Беларусь», то ўпершыню мы трымаліся разам на пазыцыях, называлі сябе баявой адзінкай, у канцы сьнежня 2014 году. У Пясках каля Данецкага аэрапорту ў нас ужо былі свае пазыцыі, мы называліся БНР, на нашы пазыцыі прыходзілі з паролем «Жыве Беларусь».
А калі пра мяне казаць, то мой першы баявы выезд быў у Чырвонаармейск. Далей прымаў удзел у вызваленьні Аўдзееўкі. У Пясках амаль паўгода «прасядзелі». Быў у баі пад Старагнатаўкай, дзе загінуў наш суайчыньнік Алесь Чаркашын.
— Што цяпер адбываецца ў зоне вайсковых дзеяньняў, у якіх умовах знаходзяцца беларускія добраахвотнікі?
— Людзі знаходзяцца ў розных умовах. Дзесьці стаяць акопы супраць акопаў. Раней час ад часу адзін аднаго накрывалі мінамі. Цяпер украінскай арміі забаранілі адкрываць агонь. Дзесьці гэта баі ў гарадзкой мясцовасьці. У напаўразбураных хатах знаходзяцца пазыцыі. Бывае, што адна вёска падзеленая на дзьве часткі: з аднаго боку— сэпаратысты, з другога — украінская армія. І пасярод вёскі — блёкпост, празь які ходзяць людзі. Паўсюль па-рознаму.
На ўскрайку Аўдзеўкі баявыя пазыцыі знаходзіліся на даху будынку, зь якога былі бачныя нават ваколіцы аэрапорту. А там кілямэтраў шэсьць напэўна.
— Як цяпер узброеныя і як паводзяць сябе сэпаратысты? Як яны ставяцца да палонных?
— Што да зброі, то ў сэпаратыстаў ёсьць усё, што ёсьць у Расеі. Толькі без марскога флёту і авіяцыі. Нават сучасная сыстэма СПА ў іх ёсьць. У асноўным гэта рознага кшталту танкі — Т90, Т80, Т72, Т64. БТРы розныя, БРДМы. Тое, што ёсьць яшчэ з савецкіх часоў на ўзбраеньні расейскай арміі. Хаця зараз і шмат новай сучаснай тэхнікі.
Кулямёты Калашнікава, аўтаматы новай сэрыі — сотых сэрый, якія літаральна некалькі гадоў таму былі вырабленыя ў Расеі. Гэта канкрэтна ўказвае, што гэта менавіта расейская зброя. У адрозьненьне ад аўтамата Калашнікава старых сэрый, якія вырабляліся рознымі краінамі, сотыя сэрыі — гэта тое, што робіць Расея, і ніхто іншы.
Зараз такая фаза вайны, калі артылерыя не працуе. Яны «працуюць» збольшага буйнакалібэрнымі кулямётамі, гранатамётамі па ўкраінскім пазыцыях.
Сэпаратысты разумеюць, што яны могуць беспакарана выяжджаць у поле і адкрываць агонь з буйнакалібернага кулямёта па пазыцыях, ведаючы, што ім у адказ нічога не прыляціць
Яны (сэпаратысты — РС.) сябе адчуваюць вольна. Украінцам забараняюць адкрываць агонь. Думаю, ужо ўголас можна казаць пра тое, што шмат здрадаў здараецца ва ўкраінскім войску і нават у Генштабе, і сэпаратысты разумеюць, што яны могуць беспакарана выяжджаць у поле і адкрываць агонь з буйнакалібернага кулямёта па пазыцыях, ведаючы, што ім у адказ нічога не прыляціць.
Што да палону, то я нават ня ведаю, якім словам гэта назваць. Зьверствы, якія робяць яны ва Ўкраіне, не параўнальныя з тым, што рабілі ў Чачні, як кажуць тыя, хто там пабываў. У нас ёсьць у батальёне адзін хлапец, які трапіў у палон напачатку вайны. У яго ўсё цела было ў шнарах, пераломах, ня ведаю, ці засталася хоць адна цэлая костка ў яго.
Гэта магчыма яшчэ таму, што такое стаўленьне да «Правага сэктару». Яны ўвесь час пытаюцца, зь якога фармаваньня, ці мабілізаваныя, ці добраахвотнікі. Вельмі жорстка ставяцца да ўсіх, але да мабілізаваных такое стаўленьне, «што вы гэта ня самі, нібыта вас украінскае войска кінула на фронт, дык мы вас так катаваць ня будзем».
Байцу «Правага сэктару» трапіць у палон страшней, чым сьмерць у полі
А добраахвотнікаў катуюць бязьлітасна. Байцу «Правага сэктару» трапіць у палон страшней, чым сьмерць у полі.
— Беларускія спэцслужбы заводзяць справы на добраахвотнікаў-беларусаў — як на тых, што ваююць з боку Ўкраіны, так і на тых, што ваююць за сэпаратыстаў. Прынамсі, так пра гэта кажуць. Ці вы назіраеце пільную ўвагу да вас, вашых сем’яў. Ці пагражае вам нешта?
Пакуль што не сутыкаліся з тым, што прыходзяць з пытаньнем менавіта знаходжаньня ва Ўкраіне. Але прыходзілі да Эдуарда Лобава. Розныя спадары накшталт Шуневіча (Ігар Шуневіч — міністар унутраных спраў РБ — РС.) і іншых, нават сканчаючы кіраўніком дзяржавы, выказваюцца ўвесь час пра тое, што «мы злачынцы, паехалі на пах крыві, атрымліваем дзясяткі тысяч даляраў». Нават з вуснаў самога кіраўніка дзяржавы гучала, што «калі мы толькі сунемся дахаты, то нам так сунуцца, што мы паляцім ва Ўкраіну, а то і далей за Чорнае мора». Гэта я цытую яго словы.
Мы разумеем, што цяпер у вачах беларускай улады выглядаем як нейкае ўзброенае фармаваньне, якое можа пагражаць існаваньню іх улады. Яны нас напэўна разглядаюць як пагрозу і таму робяць усе гэтыя заявы і сюжэты па тэлебачаньні.
Па-першае, каб паказаць нам, што нас тут дома не чакаюць. Па-другое, каб навязаць такую думку ў грамадзтве, што туды едуць толькі «вар’яты», а ня людзі, якія жадаюць вольнай Украіны і Беларусі.
А што тычыцца беларусаў, якія ваююць «з таго» (сэпаратыстаў — РС.) боку, то наколькі мы ведаем, там усё больш ляяльна. Людзі, якія ваявалі на баку ЛНР і ДНР, вяртаюцца дадому. Ёсьць канкрэтна матэрыял, калі былы ўдзельнік баёў за ДНР апісваў, як яго выклікалі ў КДБ, але толькі на размову. Яны ведалі, што гэта сэпаратыст, ён ваюе, а яны зь ім проста паразмаўлялі.
У сацсетках яны адкрыта хваляцца, што мы, беларусы, ваявалі. У нас, у звычайных байцоў, ёсьць гэтая інфармацыя. Таму казаць, што пра гэта ня ведаюць спэцслужбы, сьмешна. Пра тое, што былыя ўдзельнікі канфлікту на Данбасе прыяжджаюць у Беларусь у якасьці інструктараў і праводзяць вышкалы казакоў, якія зь імпэрскімі сьцягамі і заклікамі «за Вялікую Русь і цара», настройваюць нашу беларускую моладзь па-прарасейску. Кажуць, што Беларусь, Расея і Ўкраіна — гэта адна краіна, а беларусаў як нацыі не існуе і гэта выдумка.
Я лічу, што пагрозы сыходзіць зь іх боку. Дзіўна, што беларускія спэцслужбы зьвяртаюць увагу на некалькі дзясяткаў хлопцаў з тактычнай групы «Беларусь», якія ставяць за мэту змаганьне ва Ўкраіне з расейскім акупантам, свабоду Ўкраіны, Беларусі і ўсіх народаў. А ў той жа самы час у Беларусі на розных базах праходзяць вышкалы часам з баявой зброяй пад кіраўніцтвам афіцэраў унутраных войск і людзей, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе, і гэтым (спэцслужбы — РС.) не займаюцца.
— Пасьля выпадку з затрыманьнем нібыта байца «Правага сэктару» ў Менску і таксама да яго ці правяраеце вы нейкім чынам людзей, якія хочуць да вас далучыцца?
У нас ёсьць пэўныя захады. Вось быў выпадак з Дукам (пазыўны затрыманага ў Менску героя сюжэтаў на БТ — РС.), дык мы яго да сябе ў атрад не ўзялі. Мы падазравалі, што ён ці проста не зусім адэкватны, ці агент КДБ. Гэта было яшчэ да таго, як яго арыштавалі і ўсю гэтую паказуху паказалі па БТ. Канкрэтна, як мы гэта робім, казаць ня будзем.
У нас ёсьць магчымасьці, каб сабраць інфармацыю пра людзей. Збольшага даведацца пра біяграфію. Безумоўна, кожны чалавек, які да нас зьвяртаецца, зь ім ёсьць размова, ён пра сябе распавядае, мы пасьля гэта правяраем.
— Наколькі добра экіпіраваныя вашы байцы?
Што да амуніцыі — форма, бронекамізэлька, кеўларавыя шлемы — у нас гэта ёсьць. Узбраеньне ў нас тое, якое ёсьць у «Правага сэктару». Яго ня так шмат і гэта розная аўтаматычная зброя. Рэдкасьць нават буйнакаліберныя кулямёты. Тэхніка, можна сказаць, адсутная. Некалькі адзінак баявых машын, безь якіх немагчымы ўдзел у наступе, захопе сёл і іншае.
Што тычыцца транспарту, абароны і амуніцыі, то тая колькасьць байцоў, якая ўвесь час перабывае на фронце, яна забясьпечаная. Хапае не на ўсіх. Таму ўвесь час зьвяртаемся да людзей, праводзім поўнавартасную закупку амуніцыі, каб у кожнага байца было ўсё сваё.
Але ёсьць ратацыя. Так было, напрыклад, як мы стаялі ў Пясках, то група, якая ад’яжджала на ратацыю, пакідала сваю амуніцыю тым, хто заставаўся.
— У вас у Беларусі засталіся бацькі, родныя. Як яны ставяцца да таго, што вы знаходзіцеся ва Ўкраіне?
— Сястра і маці безумоўна хвалююцца. Маці ўвогуле пытаньнем, хто тут мае рацыю, не цікавіцца. Колькі я ёй не тлумачыў, яна намагаецца ад усяго аддаляцца. Яе хвалюе тое, што там яе сын. Як толькі здараюцца размова, яна пытаецца, ці не зьбіраюся я дахаты. Але гэта яшчэ з часоў Майдана.
Маці працуе, яна на дзяржаўнай працы. Калі нарэшце атрымала адпачынак, каб прыехаць да мяне, то не казала нават, да каго едзе
Тата разумее, што я ўжо дарослы, сам раблю свой выбар. Раней ён мне мог сказаць нешта, што гучала як каманда для выкананьня. А зараз гэта проста парада, настаўленьне.
Маці працуе, яна на дзяржаўнай працы. Калі нарэшце атрымала адпачынак, каб прыехаць да мяне, то не казала нават, да каго едзе. Калі яе супрацоўніцы даведаліся, што яна едзе ва Ўкраіну, то яе ўзьнялі паніку, казалі: «Ты ня едзь туды, там мужчынаў забіраюць у войска, бандэраўцы людзей страляюць на вуліцах, за расейскую мову могуць на слупах павесіць».
Час ад часу я ёй тэлефаную, яна мне пытае: «А праўда, што вы там садзікі бамбіце, што мірных жыхароў масава растрэльваюць?» Але яна разумее, што словы яе сына, які тут знаходзіцца, маюць больш вагі, чым словы яе калегі, якая за сотні кілямэтраў ад таго, што тут адбываецца і бачыць нешта па тэлебачаньні.
— Цяпер кажуць, што Пуцін заняты Сырыяй і канфлікт ва Ўкраіне яго болей не цікавіць, нібыта «сірыйская кампанія» — гэта зручны спосаб прыгасіць увагу да Данбасу, бо там канфлікт зацягнуўся і Расеі не ўдалося хутка дасягнуць свайго. Як, па-вашаму, будуць разьвівацца там падзеі?
— Сытуацыя ва Ўкраіне не зьмянілася, проста адкрыўся яшчэ адзін фронт. Тыя, хто кажа, што Пуцін усю ўвагу перакінуў на Сірыю, ня маюць рацыі.
Увесь сьвет усю ўвагу перакінуў на Сырыю з Украіны. А ўлады Ўкраіны кажуць пра нейкую «падтрымку», лезуць у абмеркаваньне сытуацыі ў Сірыі, кажуць пра вайсковую падтрымку Турэччыны. Але гэта сьмешна на фоне таго, што ва Ўкраіне вайна. Цяпер фаза замірэньня, але тэрыторыі акупаваныя — Крым, усход Украіны.
Пляны Пуціна не зьмяніліся, войскі з Данбасу ён не выводзіць, канфлікт з новай вастрынёй разгараецца. Сілы і тэхніка ня тое што не адведзеныя ад лініі фронту, а наадварот штодня назапашваюцца. Колькасьць загінулых і параненых толькі павялічваецца.
Дывэрсыйна-выведніцкія групы выходзяць на пазыцыі Ўкраіны з боку Марыюпалю. На маю думку, яны так прамацваюць пазыцыі ўкраінцаў — дзе слабей, дзе можна рабіць наступ. Я зразумеў гэтую тактыку яшчэ з Чырвонаармейску, з траўня 2014 году. Перад паўнавартасным наступам, так было ў Дэбальцаве і Ілавайску, спачатку ідуць дывэрсійна-выведніцкія групы, яны прамацваюць слабыя раёны. Бачаць, напрыклад, у раёне Пяскоў абарона моцная, бо тут стаіць «Правы сэктар», сюды лезьці прама — дурата. Тут зубамі будуць зарывацца ў зямлю, але ня пойдуць адсюль. Затое з боку, у некалькіх кілямэтрах, ёсьць Мар’інка, а ў Мар’інцы стаяць Узброеныя сілы Ўкраіны, якія менш пільна сочаць за пэрымэтрам, — і можна там спрабаваць. Пасьля такіх вылазак яны робяць паўнавартасны наступ на Мар’інку.
Я думаю, што хутчэй за ўсё гэта сьведчыць пра тое, што ў плянах далейшы наступ з боку ДНР.