Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую «Тактычная група Беларусь» распаўсюдзіла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Добраахвотнікі адзначылі, што пагромы офісаў у Кіеве, зладжаныя Добраахвотніцкім корпусам «Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў», сталі непрыемным здарэньнем:
«Падзеі 20 лютага ў Кіеве сталі для нас, сябраў „Тактычнай групы Беларусь“, непрыемным здарэньнем. У той час, калі частка беларусаў аддавала пашану Героям нябеснай сотні, былі і тыя, што не змаглі стрымаць сваіх эмоцыяў».
Пры гэтым «Тактычная група Беларусь» падкрэсьлівае:
«Нашыя землякі, якія былі заўважаныя як удзельнікі правапарушэньня, — франтавікі, якія на справе давялі сваю ахвярнасьць у барацьбе за Ўкраіну. Мы ведаем, што любы чалавек пасьля вяртаньня з фронту пэўны час бачыць сьвет і падзеі ў чорна-белых колерах. „Тактычная група Беларусь“ адчувае сябе адказнай за кожнага земляка, які бароніць незалежнасьць Украіны на фронце».
У канцы заявы добраахвотнікі зьвярнуліся да ўладаў і праваахоўных органаў Украіны з просьбай ўлічыць усе абставіны і быць абʼектыўнымі ў разглядзе падзеяў 20 лютага ў Кіеве.
Сёньня ў Кіеве пройдзе суд, які вызначыць меру стрыманьня для беларуса Васіля Парфянкова, байца Добраахвотніцкага корпусу «Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў», які быў затрыманы пасьля таго, як браў удзел у пагроме офіса Рыната Ахмэтава, офісу расейскага «Альфа-банку» і офісу «Сбербанка России».
Васілю Парфянкову інкрымінуюць «хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў», яму пагражае да чатырох гадоў зьняволеньня.
Паводле фатаздымкаў, якія распаўсюджаныя ў сацыяльных сетках, у пагромах браў удзел яшчэ адзін беларус — сустаршыня «Маладога фронту» Эдуард Лобаў. Пра яго затрыманьне не паведамляецца.