Партыя «Нацыянальны корпус» разам з замежнымі добраахвотнікамі, якія ваявалі на Данбасе ў складзе ўрадавых сілаў, 4 чэрвеня пікетавалі адміністрацыю прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.
На акцыю прыйшло каля тысячы чалавек, некаторыя вэтэраны былі на інвалідных вазках. Яны патрабавалі надаць украінскае грамадзянства тым замежнікам, якія ваявалі за Ўкраіну.
«Украінскага грамадзянства сёньня патрабуюць каля 400 добраахвотнікаў-іншаземцаў. Яны ваявалі на ўсходзе і цяпер ня маюць нічога — ні бацькаўшчыны, ні дакумэнтаў. І ўсе яны ўжо пяты год знаходзяцца ва Ўкраіне ў статусе нелегалаў», — сказаў Свабодзе Дзяніс Катэнка, прадстаўнік «Нацыянальнага корпусу», які служыў у складзе добраахвотніцкага батальёну «Азоў» разам зь беларусамі і расейцамі.
У акцыі ўдзельнічалі добраахвотнікі зь Беларусі, Малдовы, Расеі. Беларусы прыйшлі на акцыю зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Удзельнікі акцыі трымалі банэры з надпісамі:
- «Добраахвотнікі заваявалі грамадзянства на перадавой»,
- «Што нам яшчэ зрабіць, каб атрымаць грамадзянства?»,
- «Грамадзянства — добраахвотнікам, яны крывёю заплацілі за Ўкраіну».
«У нашых добраахвотнікаў завяршыўся тэрмін дзеяньня відаў на жыхарства, а ў некаторых — і нацыянальных пашпартоў. Мы ня ехалі ва Ўкраіну па ўзнагароды ці прэміі. Мы спадзяваліся на прызнаньне. Мяркую, гэта той мінімум, які ўкраінская дзяржава мае забясьпечыць для іншаземцаў, якія прыехалі абараняць Украіну. Нам патрэбная юрыдычная абарона», — заявіў у часе свайго выступу беларускі добраахвотнік Ян Мельнікаў.
Большасьць замежных добраахвотнікаў, якія выступілі на акцыі, у тым ліку і Мельнікаў, гаварылі на ўкраінскай мове.
Акцыя адбывалася ў адсутнасьць Уладзіміра Зяленскага — ён цяпер зь першым афіцыйным візытам у Бэльгіі.
У звароце, перададзеным у адміністрацыю прэзыдэнта, удзельнікі акцыі просяць спрасьціць працэдуру наданьня ўкраінскага грамадзянства замежным байцам-добраахвотнікам, стварыць асобную працоўную групу дзеля дапамогі ў справе атрыманьня пашпартоў Украіны, а таксама ўключыць прадстаўнікоў валянтэрскіх арганізацый у склад Камісіі па пытаньнях грамадзянства.
Уладзімір Зяленскі сваёй пазыцыі наконт гэтага пытаньня пакуль не выказваў.