Чарговы раўнд трохбаковых газавых перамоваў адбудзецца 20 сьнежня ў сталіцы Беларусі Менску, паведаміла Міністэрства энэргетыкі і абароны навакольнага асяродзьдзя Ўкраіны.
У ведамстве расказалі, што напярэдадні ў сталіцы Нямеччыны Бэрліне ўдалося дасягнуць прынцыповых дамоўленасьцяў аб дэталях новай дамовы на транспартаваньне газу.
«Мы прытрымліваемся нашай пазыцыі і незалежна ад месца перамоваў, незалежна ад сытуацыі будзем адстойваць інтарэсы ўкраінцаў. Нам неабходна атрымаць справядлівую аплату за транспартаваньне газу Ўкраіне і гарантаваць энэргетычную бясьпеку ў рэгіёне. Ад гэтага выйграе кожны канчатковы спажывец, бо падаўжэньне дамовы на транспартаваньне газу будзе садзейнічаць стабільнасьці на рынку, а адпаведна — памяншэньня цаны на газ», — заявіў міністар энэргетыкі Аляксей Оржаль.
«Газпром», са свайго боку, заяўляе, што перамовы ў Менску будуць «не тэхнічнымі».
«Узровень высокі. Ад „Газпрама“ — [кіраўнік кампаніі Аляксей] Мілер», — расказалі ў холдынгу.
18 сьнежня старшыня НАК «Нафтагаз Украіны» Андрэй Кобалеў назваў вельмі нізкай імавернасьць падпісаньня новага кантракту аб транзыце з расейскім «Газпромом». Калі кантракту з 1 студзеня 2020 ня будзе, то бакі могуць аднавіць перамовы толькі ў красавіку 2020-га, дадаў ён. Украіна, паводле яго, мае каля 20 мільярдаў кубамэтраў газу ў падземных сховішчах, чаго дастаткова, каб перажыць зіму.