Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На менскіх перамовах аб Данбасе не змаглі выканаць тое, пра што дамовіліся Зяленскі і Пуцін у Парыжы


18 сьнежня ў Менску адбылося першае пасьля саміту «нармандзкай чацьвёркі» пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы ўрэгуляваньня ўзброенага канфлікту на Данбасе. У Парыжы настойвалі на тым, што ў Менску будуць аформленыя пагадненьні кіраўнікоў Нямеччыны, Расеі, Францыі і Ўкраіны пра абмен палоннымі і новыя ўчасткі разводу войскаў на Данбасе. Але гэтага яшчэ не адбылося.

Сустрэча працягвалася зь перапынкамі да 11 гадзін вечара, праходзілі і асобныя перамовы прадстаўнікоў Украіны і Расеі Леаніда Кучмы і Барыса Грызлова пры пасярэдніцтве прадстаўніка АБСЭ Марціна Сайдзіка. Перамовы былі складаныя: прадстаўнікі Расеі не ішлі на саступкі, паведаміў прадстаўнік украінскай дэлегацыі: у прыватнасьці, яны запатрабавалі ад Украіны непасрэдна весьці перамовы з сэпаратыстамі Данбасу і настойвалі на асаблівым статусе гэтых тэрыторый у Канстытуцыі Ўкраіны. Расея і яе прадстаўнікі сэпаратыстаў у прыватнасьці патрабуюць гарантый і мэханізмаў «юрыдычнай ачысткі» сваіх кандыдатаў у абменныя сьпісы.

Прадстаўнік так званай «ЛНР» Уладзіслаў Дайнега заявіў, што тыя, каго памянялі яшчэ ў 2017 годзе, не былі «ачышчаныя», украінскія ўлады не зьнялі зь іх крымінальных абвінавачваньняў, таму цяпер патрэбны гарантыі для новых кандытатаў на абмен.

У выніку на пасяджэньні 18 сьнежня пагадненьняў аб абмене не было. прадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдзік ацаніў гэтыя перамовы дужа дыпляматычна:

«Бакі вельмі грунтоўна абмяркоўвалі абмен затрыманых, і яны прыклалі значныя намаганьні, каб садзейнічаць вызваленьню і абмену затрыманых да канца году і тым самым рэалізаваць рашэньне нармандзкага саміту ў гэтым пытаньні. Для выкананьня гэтых чаканьняў яшчэ неабходна зрабіць некаторыя крокі».

Сайдзік назваў гэтыя крокі «тэхнічнымі і эксплюатацыйнымі». У Парыжы яны дамовіліся аб абмене палоннымі «ўсіх на ўсіх» да канца гэтага году. Спадар Сайдзік адмовіўся прагназаваць, ці змогуць яны дамовіцца да Новага году — наступнае пасяджэньне ТКГ адбудзецца 16 студзеня.

Разьвядзеньне сілаў таксама затрымліваецца пасьля таго, як перад парыскім самітам адвялі войскі на трох участках на Данбасе, на сустрэчы ў Менску разглядалася магчымасьць гэтага ж яшчэ ў трох месцах. У той жа час Расея настойвала на адводзе войскаў па ўсёй лініі сутыкненьня. Кіеў, у сваю чаргу, патрабуе дазволу АБСЭ на доступ да ўсяго некантраляванага ўчастка ўкраінска-расейскай мяжы.

У выніку і тут пагадненьня не было. Марцін Сайдзік прызнаў, што яшчэ ёсьць час — у Парыжы пагадзіліся адвесьці сілы на трох новых участках да канца сакавіка наступнага году. Да станоўчых момантаў можна аднесьці заяву ТКГ аб прыхільнасьці да выкананьня рэжыму спыненьня агню на Данбасе ад 17 ліпеня 2019 году, які дагэтуль увесь час парушаўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG