Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санітара «хуткай», са страўніка якога дасталі псыхатроп, асудзілі на «хатнюю хімію»


Фота з сайту УУС Гомельскага аблвыканкаму
Фота з сайту УУС Гомельскага аблвыканкаму

Траіх жыхароў Гомля асудзілі паводле «наркатычнага» артыкулу 328. Адзін зь іх — санітар хуткай дапамогі — пры затрыманьні міліцыяй праглынуў псыхатроп. Яму рабілі эндаскапію і дасталі са страўніка 0,4 грама альфа-PVP.

Асуджаныя — узростам ад 36 да 38 гадоў. У красавіку 2019 году яны аплацілі замоўленае псыхатропнае рэчыва і забралі яго ў адмысловай схованцы — «закладцы». Іх затрымала міліцыя. Аднаго з затрыманых павезьлі ў абласны шпіталь, каб з дапамогай эндаскопу дастаць са страўніка псыхатропнае рэчыва.

Судзілі кампанію паводле часткі 1 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу (незаконныя бяз мэты збыту выраб, перапрацоўка, захоўваньне ці перавозка псыхатропных і наркатычных рэчываў).

У судзе Савецкага раёну Гомля прадстаўніца пракуратуры папрасіла пакараць абвінавачаных абмежаваньнем волі на 3-4 гады без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») з увагі на іх чыстасардэчнае раскаяньне і абставіны, якія зьмякчаюць віну (дзеці, сталая праца, неасуджаныя).

Усе трое прызналі сваю віну, абяцалі, што «больш такое не паўторыцца» і што будуць «весьці годны лад жыцьця ў грамадзтве».

Судзьдзя Галіна Сыцько пакарала дваіх з абвінавачаных абмежаваньнем волі на 3 гады без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу, яшчэ аднаму прысудзіла 4 гады «хатняй хіміі». З улікам амністыі тэрмін адбыцьця пакараньня зьменшаны ўсім на адзін год.

Двое абвінавачаных мусяць прайсьці прымусовае лячэньне на месцы жыхарства ад алькагольнай і наркатычнай залежнасьці.

Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG