Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна «дэсаветызавала» вайсковыя званьні


Украінскія вайскоўцы на вучэньнях у Жытомірскай вобласьці, 21 лістапада 2018 году
Украінскія вайскоўцы на вучэньнях у Жытомірскай вобласьці, 21 лістапада 2018 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў 29 лістапада закон аб зьменах вайсковых званьняў і прывядзеньня іх да стандартаў NATO, паведамляе «Укрінформ». Схемы замены званьняў публікаваў 112.ua.

Цяпер ва ўкраінскім войску шарагоўцы будуць звацца ня словам «рядовий», а словам «солдат». Замест «єфрейтор» будуць ужываць «старший солдат», замест «старшина»«головний сержант», замест «прапорщик»«штаб-сержант», замест «старший прапрорщик»«старший майстер-сержант», а званьне «молодший сержант» зьнікае зусім. У карабельных войсках «мічман» будзе замененае на «штаб-старшина».

Цяперашні закон нагадвае прапанову, якую агучваў мінулы прэзыдэнт Пятро Парашэнка. Ён казаў аб дыскусіі вакол «ініцыятывы адысьці ад савецкай арміі». Але ён згадваў прапанову замяніць «малодшага лейтэнанта» на «харужнага» і ўвесьці званьне «брыгаднага генэрала» — такія прапановы не былі рэалізаваныя.

У беларускім войску тым часам захоўваюцца званьні «радавы», «яфрэйтар», «старшыня», «мічман» і іншыя, падобныя да ранейшых украінскіх.

Ініцыятары законапраекту казалі, што канчатковае ўхваленьне закону дазволіць «удасканаліць парадак выкананьня вайсковага абавязку грамадзянамі Ўкраіны, рэалізаваць увядзеньне новых вайсковых званьняў сяржанцкага і старшынскага складу Ўзброеных сіл Украіны», забясьпечыць іх адпаведнасьць стандартам NATO і спрыяць пераходу ўкраінскага войска на прафэсійную аснову паводле заходнеэўрапейскага ўзору.

У 2017 годзе ўкраінскае войска перайшло на новую форму, якая была спраектаваная з улікам вайсковых традыцый розных часоў гісторыі Ўкраіны і найперш — часоў УНР, а пачынаючы з 2014-га, украінскія вайсковыя падразьдзяленьні атрымалі новыя, дэкамунізаваныя, баявыя сьцягі і назвы. У 2018-м ва Ўкраіне замянілі вайсковае вітаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG