Пасьля выхаду з самалёта па прылёце ў Анкару Аляксандар Лукашэнка павітаўся з салдатамі фразай, уведзенай у афіцыйны абарот Атацюркам.
Аляксандар Лукашэнка 16 красавіка правёў аднадзённы візыт у Турэччыну і сустрэчу з прэзыдэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, якога называе сваім «братам».
Калі ён выходзіў з самалёта ў Анкары, то спачатку павітаўся з афіцыйнымі асобамі (у ліку якіх быў міністар сельскай гаспадаркі Турэччыны і кіраўнікі Анкары), затым прайшоў на спэцыяльна пазначаную пляцоўку перад ганаровай вартай салдат і выгукнуў: «Merhaba, asker». Салдаты адказалі яму хорам: «Sağol».
Гэтая фраза азначае «Вітаю, салдаты» і цяпер зьяўляецца традыцыйным вітаньнем у Турэччыне, хоць гучыць «нефармальна»: «merhaba» раўназначнае слову «прывітаньне». Адказ яму — слова, якое азначае «дзякуй», а даслоўна перакладаецца як «будзь жывы».
Сьцьвярджаецца, што такое вітаньне ўвёў асабіста Мустафа Кемаль Атацюрк — першы прэзыдэнт Турэцкай Рэспублікі і заснавальнік сучаснай сьвецкай Турэччыны.
Паводле некаторых крыніц, такая традыцыя нарадзілася яшчэ да ягонага прэзыдэнцтва, у час вайсковай службы, калі ён вітаўся з салдатамі не традыцыйным тады «Selamün aleyküm», а нефармальна. Перад перамовамі з Эрдаганам Лукашэнка таксама наведаў маўзалей Атацюрка, дзе ад яго імя ўсклалі бела-чырвоны вянок.
Вітаньне «Merhaba, asker» да салдатаў ужывалі і іншыя замежныя лідэры падчас візытаў у Турэччыну: напрыклад, Уладзімір Пуцін і Віктар Януковіч.
Самому Эрдагану Лукашэнка пазьней паціснуў руку, не сказаўшы нічога.
Да беларускіх вайскоўцаў Лукашэнка звычайна зьвяртаецца не па-беларуску, а па-расейску: «Здравия желаю». Або моўчкі.