І не «товариш», а «пан» або «пані».
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў закон аб прыняцьці ва Ўзброеных сілах і Нацыянальнай паліцыі вітаньня «Слава Ўкраіне!». Пра гэта ён расказаў 11 кастрычніка на сустрэчы з камандзірамі брыгадаў Узброеных сілаў, Нацыянальнай гвардыі і Дзяржаўнай памежнай службы ў час працоўнай паездкі ў Хмяльніцкую вобласьць.
«Парлямэнт падтрымаў прапановы прэзыдэнта, прыняў закон, і я яго падпісаў, па зьменах вайсковых статутаў адносна вайсковага вітаньня, — заявіў Парашэнка. — „Слава Ўкраіне“ ёсьць сёньня абсалютна натуральным для кожнага ўкраінскага ваяра і для кожнага ўкраінскага грамадзяніна».
На «Слава Україні» вайскоўцу і маліцыянту трэба — цяпер гэтага афіцыйна вымагае закон — адказваць «Героям слава».
Ранейшае вайсковае вітаньне таксама было па-ўкраінску, але на савецкі ўзор: вітаньне «Здрастуйте, товариші!» і адказ «Бажаємо здоров’я!». Таксама закон замяняе зварот «товаришу» на ўкраінскі «пане (пані)».
Упершыню вітаньне «Слава Україні» ў сучаснай украінскай дзяржаве выкарысталі афіцыйна 24 жніўня на парадзе з нагоды Дня Незалежнасьці ў Кіеве. Само вітаньне распаўсюдзілася на пачатку XX стагодзьдзя, у 1918–1921 гадах стала «паролем» украінскіх нацыяналістаў. Паводле папулярнай ва Ўкраіне вэрсіі, вітаньне створанае на ўзор хрысьціянскага вітаньня «Слава Ісусу Христу!».
У Беларусі на сёньня захоўваюцца старыя вітаньні, звароты і адказы, як то «Здравия желаю», «смирно» і «товарищ». Беларуская мова ў беларускім войску практычна не выкарыстоўваецца, хоць намёкі на магчымасьць шырэйшага ўжываньня нацыянальнай мовы ў войску былі нават у дзяржаўнай прэсе.