Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў 28 лістапада законапраекты, якія прадугледжваюць санкцыі ў дачыненьні да кітайскіх і ганконгаўскіх афіцыйных асобаў, адказных за парушэньне правоў чалавека ў Ганконгу, і іншыя захады ў падтрымку пратэставага руху ў гэтым рэгіёне.
Паводле Акту аб абароне правоў чалавека і дэмакратыі ў Ганконгу, адміністрацыя ЗША павінна ўвесьці санкцыі супраць кітайскіх і ганконгаўскіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да задушэньня пратэстаў у Ганконгу. Яшчэ адзін закон забараняе экспарт у Ганконг паліцэйскага абсталяваньня і тэхнікі для разгону дэманстрацыяў. Акрамя гэтага, на Дзяржаўны дэпартамэнт ускладзены абавязак штогадовай ацэнкі ўзроўню аўтаноміі Ганконгу, за якой можа ісьці скасаваньне асаблівага статусу тэрыторыі ў гандлі з ЗША.
У заяве Белага дома сьцьвярджаецца, што прэзыдэнт ЗША падпісаў гэтыя законапраекты «ў надзеі на тое, што кіраўніцтва і прадстаўнікі Кітаю і Ганконгу змогуць мірна разьвязаць супярэчнасьці, што прывядзе да міру і росквіту».
МЗС Кітаю заявіў, што законы ўяўляюць сабой «сур’ёзнае ўмяшальніцтва ў справы Ганконгу, унутраныя справы Кітаю і парушаюць асноўныя нормы міжнародных адносінаў».
Законы былі ўхваленыя на мінулым тыдні абедзьвюма палатамі Кангрэсу ЗША. Іх мэта, як адзначаюць аўтары дакумэнтаў, — прадэманстраваць салідарнасьць з удзельнікамі пратэстаў у падтрымку дэмакратыі ў Ганконгу. Мяркуецца, што такі крок Белага дому можа ўскладніць гандлёвыя перамовы паміж Вашынгтонам і Пэкінам, якія, як чакаецца, неўзабаве маюць прывесьці да падпісаньня папярэдняй дамовы пра скасаваньне гандлёвых мытаў.
Што варта ведаць пра пратэсты ў Ганконгу
Што такое ўвогуле Ганконг?
Ганконг — спэцыяльная адміністрацыйная адзінка Кітайскай Народнай Рэспублікі, знаходзіцца на ўсходнім узьбярэжжы Кітаю пад Паўднёва-Кітайскім морам. Гэта адзін з асноўных фінансавых цэнтраў Азіі і сьвету.
Ганконг разьмяшчаецца на Каўлунскай паўвысьпе, а таксама яшчэ на 260 малых выспачках. На поўначы мяжуе са спэцыяльнай эканамічнай зонай Шэньчжэнь у складзе кітайскай правінцыі Гуандун. У Ганконгу жыве больш за 7 мільёнаў чалавек на тэрыторыі 1104 км2 – гэта амаль у 190 разоў меншая тэрыторыя, чым у Беларусі.
Доўгі час Ганконг быў брытанскай тэрыторыяй і перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.
Што выклікала пратэсты?
Улады Ганконгу ўнесьлі ў парлямэнт законапраект аб экстрадыцыі правапарушальнікаў, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах, на мацерыковы Кітай. Экстрадыцыя з Ганконгу цяпер магчымая толькі на падставе дамоваў, якія былі заключаны яшчэ да пераходу гораду пад юрысдыкцыю КНР.
У чэрвені 2019 году дакумэнт выклікаў шматлікія пратэсты жыхароў Ганконгу. Крытыкі дакумэнту казалі, што ён мог быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскага правасудзьдзя дысыдэнтаў і несправядліва перасьледаваных людзей.
Дэманстрацыі выліліся ў масавы рух з патрабаваньнем дэмакратычных пераўтварэньняў. Адміністрацыя Ганконгу неаднаразова абвяшчала пра адмову ад законапраекту. Аднак пратэстоўцы сталі патрабаваць афіцыйна адклікаць дакумэнт і працягнулі маршы пад лёзунгамі абароны сувэрэнітэту Ганконгу ад дамаганьняў Кітаю.
Што цяпер з гэтым законапраектам?
23 кастрычніка ўлады Ганконгу афіцыйна адклікалі законапраект. Аднак гэта не спыніла пратэстаў.
За месяцы ранейшых пратэстаў на вуліцах гораду неаднаразова ўзьнікалі сутычкі паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Паліцыянты ўжывалі сілу для разгону актывістаў і адзін раз выкарысталі агнястрэльную зброю. Раненьне атрымаў адзін чалавек. Тысячы ўдзельнікаў акцый атрымалі лёгкія раненьні і траўмы, а больш за дзьве з паловай тысячы былі арыштаваны. Іх вызваленьне цяпер зьяўляецца адным з патрабаваньняў пратэстоўцаў да ўладаў.