Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і старшыня КНР Сі Цзіньпін пагадзіліся аднавіць гандлёвыя перамовы, нягледзячы на нядаўнюю эскаляцыю эканамічных спрэчак, якія пагражаюць стабільнасьці сусьветнай сыстэмы гаспадараньня.
Прэзыдэнты ЗША і Кітаю правялі гутарку на палях саміту «Вялікай дваццаткі», які праходзіць у Асацы, Японія. Кітайскія СМІ паведамляюць, што сустрэча працягвалася каля паўтары гадзіны.
Па выніках сустрэчы не было зроблена заяваў, аднак цэнтральнае кітайскае агенцтва «Сіньхуа» паведамляе, што кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў змаглі дамовіцца аб тым, што Вашынгтон больш ня будзе ўводзіць новыя мыты на кітайскія тавары, як было абяцана раней.
10 траўня набыло сілу рашэньне Дональда Трампа павысіць мыты з 10 да 25 працэнтаў на імпарт шэрагу кітайскіх тавараў на агульную суму каля 200 мільярдаў даляраў.
Прэзыдэнт ЗША абвінаваціў кіраўніцтва Кітаю ў зрыве пагадненьня па прадухіленьні павышэньня тарыфаў і фактычным аднаўленьні «гандлёвай вайны». Кітай абверг гэтыя абвінавачваньні.
Адміністрацыя Трампа лічыць, што Кітай купляе занадта мала тавараў з ЗША адносна амэрыканскіх закупак — гандлёвы дэфіцыт перавышае 400 мільярдаў даляраў. Акрамя таго, Пэкін абвінавачваюць у прыніжэньні курсу юаня і ў масавым парушэньні аўтарскіх правоў амэрыканскіх вытворцаў. Адным з перадвыбарных абяцаньняў Трампа было вярнуць на тэрыторыю краіны прамысловую вытворчасьць, вывезеную ў краіны, якія разьвіваюцца, а таксама дамагчыся збалянсавананга гандлю з Кітаем.