Група пратэстоўцаў з прыблізна 100–200 чалавек застаецца на кампусе ганконскага Політэхнічнага унівэрсытэту, які ўжо трэці дзень знаходзіцца пад аблогай паліцэйскага спецназу.
Запасы ежы і вады ў іх сканчаюцца. Як распавяла агенцтву Reuters адна са студэнтак з групы, якая здалася паліцыі, яны цярпелі ад пераахаладжэньня, голаду, у некаторых былі траўмы ног, а мэдыкамэнтаў і перавязачных сродкаў на кампусе няма.
Бі-бі-сі паведамляе, што ў ноч на 19 лістапада з тэрыторыі ўнівэрсытэту добраахвотна выйшлі каля 200 непаўналетніх школьнікаў і студэнтаў, за многімі прыехалі школьныя настаўнікі і дырэктары. Пасьля высьвятлення асобаў іх адпусьцілі. Але каля сотні чалавек старэйшых за 18 гадоў былі арыштаваныя на месцы.
Вулічныя пратэсты адбываюцца ў былой брытанскай калёніі, перададзенай у 1997 годзе Кітайскай народнай рэспубліцы, ужо паўгоду.
Пратэстоўцы вылучаюць шэраг патрабаваньняў, сярод якіх расьсьледаваньне жорсткіх дзеяньняў паліцыі і ўсеагульнае выбарчае права ў Ганконгу.
Ганконг быў перададзены пад кіраваньне КНР Вялікабрытаніяй ў 1997 годзе на ўмовах прынцыпу «адна краіна — дзьве сыстэмы», у рамках якога Пэкін абяцаў не мяняць эканамічнага і палітычнага ўкладу выспы.
Што варта ведаць пра пратэсты ў Ганконгу
Што такое ўвогуле Ганконг?
Ганконг — спэцыяльная адміністрацыйная адзінка Кітайскай Народнай Рэспублікі, знаходзіцца на ўсходнім узьбярэжжы Кітаю пад Паўднёва-Кітайскім морам. Гэта адзін з асноўных фінансавых цэнтраў Азіі і сьвету.
Ганконг разьмяшчаецца на Каўлунскай паўвысьпе, а таксама яшчэ на 260 малых выспачках. На поўначы мяжуе са спэцыяльнай эканамічнай зонай Шэньчжэнь у складзе кітайскай правінцыі Гуандун. У Ганконгу жыве больш за 7 мільёнаў чалавек на тэрыторыі 1104 км2 – гэта амаль у 190 разоў меншая тэрыторыя, чым у Беларусі.
Доўгі час Ганконг быў брытанскай тэрыторыяй і перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.
Што выклікала пратэсты?
Улады Ганконгу ўнесьлі ў парлямэнт законапраект аб экстрадыцыі правапарушальнікаў, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах, на мацерыковы Кітай. Экстрадыцыя з Ганконгу цяпер магчымая толькі на падставе дамоваў, якія былі заключаны яшчэ да пераходу гораду пад юрысдыкцыю КНР.
У чэрвені 2019 году дакумэнт выклікаў шматлікія пратэсты жыхароў Ганконгу. Крытыкі дакумэнту казалі, што ён мог быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскага правасудзьдзя дысыдэнтаў і несправядліва перасьледаваных людзей.
Дэманстрацыі выліліся ў масавы рух з патрабаваньнем дэмакратычных пераўтварэньняў. Адміністрацыя Ганконгу неаднаразова абвяшчала пра адмову ад законапраекту. Аднак пратэстоўцы сталі патрабаваць афіцыйна адклікаць дакумэнт і працягнулі маршы пад лёзунгамі абароны сувэрэнітэту Ганконгу ад дамаганьняў Кітаю.
Што цяпер з гэтым законапраектам?
23 кастрычніка ўлады Ганконгу афіцыйна адклікалі законапраект. Аднак гэта не спыніла пратэстаў.
За месяцы ранейшых пратэстаў на вуліцах гораду неаднаразова ўзьнікалі сутычкі паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Паліцыянты ўжывалі сілу для разгону актывістаў і адзін раз выкарысталі агнястрэльную зброю. Раненьне атрымаў адзін чалавек. Тысячы ўдзельнікаў акцый атрымалі лёгкія раненьні і траўмы, а больш за дзьве з паловай тысячы былі арыштаваны. Іх вызваленьне цяпер зьяўляецца адным з патрабаваньняў пратэстоўцаў да ўладаў.