Сёньня ў Беларусі жывуць каля 6 мільёнаў чалавек працаздольнага ўзросту. Да 2045 году іх колькасьць скароціцца да 5 мільёнаў.
Такія зьвесткі агучылі супрацоўнікі Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Кацярына Барнукова і Леў Львоўскі на сустрэчы Клюбу дзелавой журналістыкі ў рамках праекту «Адкрыты дыялёг». Сустрэча прысьвячалася тэме ўзаемнай залежнасьці дэмаграфіі і эканамічнай палітыкі, піша Thinktanks.by.
Як растлумачыў Леў Львоўскі, паміж дэмаграфіяй і эканомікай існуе ўзаемазалежнасьць: дэмаграфія ўплывае на рост насельніцтва, працоўную сілу, пэнсіі, адукацыю і ахову здароўя. У сваю чаргу эканоміка ўплывае на нараджальнасьць, шлюбы і разводы, балянс сілаў і падзел працы ў сям’і.
Чым большы ВУП на душу насельніцтва ў краіне, тым меншая сярэдняя нараджальнасьць, кажа эканаміст. Два мэханізмы, якія ўплываюць на спад нараджальнасьці, у свой час апісаў нобэлеўскі ляўрэат Гэры Бэкер:
- уплыў якасьці на колькасьць (цяпер бацькі літаральна стаяць перад выбарам: нарадзіць адно дзіця і даць яму якасную адукацыю або нарадзіць пяцёх, але грошай на ўсіх будзе бракаваць),
- «альтэрнатыўныя выдаткі» (чым больш заможная жанчына, тым даражэйшым будзе для яе дзіця, бо кожная гадзіна, выдаткаваная на дзіця, ёй больш каштуе).
Паводле Кацярыны Барнуковай, Беларусь уваходзіць у лік эўрапейскіх краінаў, дзе сярэдні каэфіцыент нараджальнасьці меншы за 2, а для ўзнаўленьня гэты паказьнік мае быць прынамсі 2,1. Таксама ў Беларусі, у параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі краінамі, досыць невысокая чаканая працягласьць жыцьця.
На падставе дэмаграфічных паказьнікаў можна даволі дакладна казаць пра эканамічныя выклікі будучыні. Паводле Кацярыны Барнуковай,
- з прычыны скарачэньня і старэньня насельніцтва ВУП Беларусі у 2050 годзе будзе на 16% ніжэйшы за патэнцыйны; калі сёньня ў Беларусі жывуць каля 6 мільёнаў чалавек працаздольнага ўзросту (ад 20 да 64 гадоў), дык да 2045 году іх колькасьць скароціцца да 5 мільёнаў;
- дэмаграфічная нагрузка на беларусаў, якія працуюць, практычна падвоіцца;
- калі цяпер на 100 працаздольных жыхароў Беларусі прыпадаюць каля 23 пэнсіянэраў і 25 дзяцей, дык да 2045 году на 100 чалавек працаздольнага ўзросту будуць 40 пэнсіянэраў і 24 дзіцяці;
- адпаведна Беларусь будзе чакаць рост дэфіцыту фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
Каб забясьпечыць пэнсіямі усё больш пэнсіянэраў, у BEROC бачаць неабходнасьць парамэтрычных і структурных рэформаў.
- Сярод парамэтрычных рэформаў: павелічэньне пэнсійнага ўзросту — да 65 і для мужчын, і для жанчын; ўзмацненьне патрабаваньняў да стажу (20 гадоў); скарачэньне ўзроўню замяшчэньня (суадносіны сярэдняй пэнсіі да сярэдняга заробку 40%); зьмена падаткаў, магчыма, у бок павелічэньня.
- Сярод структурных рэформаў: стварэньне сыстэмаў другога і трэцяга ўзроўняў, якія прадугледжваюць абавязковыя назапашваньні ў дзяржаўны пэнсійны фонд і добраахвотныя назапашваньні ў прыватныя пэнсійныя фонды.