Міністэрства працы Беларусі зацьвердзіла нормы працоўнага часу на 2020 год. Поўная норма працягласьці працоўнага часу на тыдзень не зьмянілася — яна складае 40 гадзін у тыдзень.
Аднак, за цэлы год пры 40-гадзінным працоўным тыдні людзі мусяць адпрацаваць:
- 2040 гадзінаў пры 5-дзённым працоўным тыдні з выходнымі ў суботу і нядзелю;
- 2033 гадзіны пры 6-дзённым працоўным тыдні з выходным у нядзелю.
Як тлумачыць Мінпрацы, 7 гадзінаў розьніцы на карысьць 6-дзённага працоўнага тыдню зьвязаныя з тым, што два непрацоўныя сьвяточныя дні ў 2020 годзе прыпадаюць на суботу: Дзень перамогі 9 траўня і Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада.
У 2020 годзе людзям у Беларусі давядзецца працаваць больш, чым у 2019-м. Для 5-дзённага працоўнага тыдню ў бягучым годзе норма — 2008 гадзінаў, для 6-дзённага — 2016. У 2018 годзе пры 5-дзённым тыдні норма складала 2016 гадзінаў, пры 6-дзённым — 2022 гадзіны. Розьніца зьвязаная з выпаданьнем сьвятаў на працоўныя або непрацоўныя дні.