Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь дагоніць Польшчу празь 246 гадоў». Эканамісты распавялі пра сцэнары для эканомікі


Для пераадоленьня адставаньня ва ўзроўні эканамічнага разьвіцьця з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Эўропы штогадовы рост ВУП Беларусі ў найбліжэйшыя дзесяцігодзьдзі павінен складаць 5-6%. Гэта больш, чым прагназуе ўрад.

Такая выснова ўтрымліваецца ў аналітычнай запісцы, якую падрыхтаваў Беларускі эканамічны дасьледча-адукацыйны цэнтар (BEROC), паведамляе БелаПан.

У запісцы разгледжаныя пэрспэктывы эканамічнага росту Беларусі ў рэгіянальным кантэксьце. У якасьці эталёна вызначаныя Чэхія і Славаччына, якія зьяўляюцца лідэрамі па ўзроўню эканамічнага разьвіцьця ў Цэнтральнай і Усходняй Эўропе. Апроч іх у пералік краін для параўнаньня ўключаныя заходнія суседзі Беларусі — Латвія, Літва і Польшча, часткова падобныя на Беларусь па дэмаграфічных і тэрытарыяльных характарыстыках.

Супастаўленьне Беларусі зь іншымі краінамі рэгіёна праводзілася на аснове паказчыка ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасьці на душу насельніцтва. На думку эканамістаў BEROC, гэты паказчык адлюстроўвае ўзровень рэальнага дабрабыту ў краіне.

«Каб дагнаць па ўзроўні рэальнага дабрабыту Славакію да 2030 года (з улікам прагнозу АЭСР па росце ў гэтай краіне), на працягу 2018–2030 гг. сярэднегадавы тэмп прыросту ВУП у Беларусі павінен складаць 7,6%. Каб разрыў у дабрабыце са Славаччынай быў ліквідаваны да 2040 года, сярэднегадавы тэмп прыросту ў Беларусі (2018–2040 гг.) павінен складаць 5,2%», — гаворыцца ў аналітычнай запісцы.

Пры доўгатэрміновых тэмпах эканамічнага росту на ўзроўні 5% разрыў у рэальным дабрабыце з Чэхіяй Беларусь можа пераадолець за 22 гады, з Польшчай — за 14 гадоў, зь Літвой — за 19 гадоў, з Латвіяй — за 14 гадоў, паведамляецца ў дасьледаваньні.

У той жа час падкрэсьліваецца, што калі тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі будуць нізкімі (у раёне 2%), каб пераадолець адставаньне з Польшчай, спатрэбіцца 246 гадоў, а дасягнуць узроўню рэальнага дабрабыту іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Эўропы ў гэтым выпадку не ўдасца ніколі.

Урад Беларусі ў праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2019 г. заклаў у базавы сцэнар рост у 2,1%. Па мэтавым сцэнары эканоміка павінна вырасьці на 4%. Іншы прагноз дае Эўразійскі банк разьвіцьця. На наступны год банк чакае рост у 1,7% замест раней прагназаванага ў 1,9%. На 2020-ы год прагназуецца рост у 2,1% замест 2%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG