Сёлета за хабар у Менску судзілі мэдыкаў, чыноўнікаў, сьледчых і спартоўцаў. Дайшла чарга да пажарнікаў. У Маскоўскім раённым судзе пачаўся працэс над двума адказнымі супрацоўнікамі Маскоўскага раённага аддзелу па надзвычайных сытуацыях і адным з кіраўнікоў будаўнічай фірмы. Абвінавачаньні — у атрыманьні і даваньні хабару, а таксама ў махлярстве.
На лаве падсудных на працэсе ў Маскоўскім судзе, які пачаўся 25 лістапада, былы начальнік Маскоўскага раённага аддзелу па надзвычайных сытуацыях Аляксандар Пляшкевіч, ягоны падначалены, старэйшы спэцыяліст аддзелу Міхаіл Шкіронак і намесьнік дырэктара па бясьпецы ТАА «Электрасіла і Ка» Алег Варанецкі.
Намесьнік дырэктара прыходзіць у суд сам, а вось былыя пажарнікі пад канвоем, іх трымаюць у жалезнай клетцы. На пачатак суду прыйшло шмат сваякоў і калег падсудных, іх маральна падтрымліваюць ды просяць прэсу не паведамляць прозьвішчы меркаваных хабарнікаў. Маўляў, у іх малыя дзеці.
У чым вінавацяць былых пажарнікаў?
У справе Аляксандра Пляшкевіча сама меней 6 эпізодаў, апошні прыпадае на пачатак году. У адным эпізодзе, як сьцьвярджае сьледзтва, падначалены Пляшкевіча Шкіронак атрымаў ад прадстаўніка будаўнічай фірмы Новікава 3 тысячы даляраў за непрыманьне захадаў адносна парушэньняў пажарнай бясьпекі на будаўнічых аб’ектах. У эпізодзе фігуруюць жылыя дамы на вуліцах Алібегава і Янкі Брыля.
Шкіронак, паводле сьледзтва, усё выканаў і спраўна падзяліўся хабарам з начальнікам: аддаў Пляшкевічу паўтары тысячы даляраў і столькі ж пакінуў сабе.
Яшчэ ў адным эпізодзе адносна прыбудовы да рэстарана «Ла скала» зноў фігуруюць падзеленыя папалам 2 тысячы даляраў. Яшчэ ў двух эпізодах вядзецца пра хабар у 2 тысячы рублёў кожны раз, у тым ліку ад падсуднага Варанецкага.
Алег Варанецкі, як і Міхаіл Шкіронак, сваю віну цалкам прызнае, а вось Аляксандар Пляшкевіч лічыць сябе вінаватым толькі часткова. Ён ня згодны з абвінавачаньнем па эпізодзе аб махлярстве. Паводле сьледзтва, з 2016 году Пляшкевіч 4 разы пад выглядам спонсарскай дапамогі дзіцячаму аздараўленчаму лягеру атрымліваў грошы ад нейкага Ярашэвіча, якога сьледзтва прызнала пацярпелым. Спачатку той перадаў Пляшкевічу 600 рублёў, потым яшчэ 600, потым 700, і ўрэшце 500 даляраў. За што дакладна, стане вядома пасьля 3 сьнежня, калі працэс адновіцца і пачнуць дапытваць пацярпелага і сьведак.