Кіраўнік Беларусі запатрабаваў, каб Нацбанк прымусіў банкі да шэфства над калгасамі, раздаўшы па некалькі калгасаў банкам. Пра гэта ён заявіў на нарадзе аб разьвіцьці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласьці.
Кіраўнікі віцебскага рэгіёну паскардзіліся, што зьвярталіся да банкаўскай сыстэмы, каб тыя дапамаглі адсталым гаспадаркам, але банкіры адмовіліся.
Лукашэнка загадаў кіраўніку Нацбанку Паўлу Калаўру неадкладна заняцца пытаньнем.
«Мы аб Нацыянальным банку і падпарадкаваных яму структурах (а яму ўсё падпарадкавана), мы яшчэ асобна пагаворым. Жыруе жульлё. Былыя і цяперашнія. А займацца ня хочуць. Таму дагружайце іх — па калгасу, па паўтара, па два, няхай там працуюць. Гэта не абмяркоўваецца», цытуе БелТА кіраўніка дзяржавы.
«Шэфская дапамога — гэта не здымаецца. А калі трэба прывесьці банкаўскую сыстэму ў пачуцьці, я думаю, Калаўр гэта зробіць. Ня зробіць — гэта зробяць іншыя», — падкрэсьліў Аляксандр Лукашэнка.
У пачатку 2000-х гадоў Аляксандар Лукашэнка прыдумаў, як выратаваць калгасна-саўгасную сыстэму. Ён абавязаў суб’екты гаспадараньня, як дзяржаўныя (гэта і заводы і банкі), так і прыватныя, узяць на сябе адсталыя калгасы.
У 2004 годзе ён казаў: «Усё зноў зводзіцца да прымітыўнага шэфства. Ніякага шэфства. Шэфства — на добраахвотнай аснове. А тое, што я сказаў, будзе навязвацца аўтарытарным чынам». «Яны не хацелі браць гэтыя гаспадаркі... Я прымусіў прыватнікаў узяць калгасы, саўгасы. 25%», — хваліўся ён перад расейскімі журналістамі.
Летась кіраўнік дзяржавы жартам ці ўсур’ёз прапанаваў узначаліць калгас 20-гадовай «міс Беларусь-2018» Марыі Васілевіч, прапаноўваў крыху «зазямліцца» і ўзяць стратны калгас эканамісту Яраславу Раманчуку. У 2016 асуджаны за карупцыю былы намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксандар Архіпаў, адбыўшы менш за палову пакараньня, замест зоны быў накіраваны ўзьнімаць стратны калгас, гэтакжа паступілі і з былым гендырэктарам холдынгу «Магілёўвадбуд» Яўгенам Зюзіным.
А ў 2010 годзе Лукашэнка абяцаў, што стратныя калгасы будуць прыватызоўвацца. «Яшчэ 2 гады пабоўтаецеся, а пасьля, хто ня выйдзе на рэнтабэльную працу, будуць прыватызаваныя», пагражаў ён тады неэфэктыўным гаспадаркам.