Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палюбіўся мне як сын і чалавек». У справе аб хабары галоўнаму архітэктару падсудная абвергла ранейшыя паказаньні


Павал Лучыновіч, архіўнае фота
Павал Лучыновіч, архіўнае фота

Прадпрымальніца Нона Грышына, якую вінавацяць у даваньні хабару былому галоўнаму архітэктару Менску Паўлу Лучыновічу, назвала сваімі фантазіямі паказаньні, якія яна давала на сьледзтве.

Пасьля затрыманьня ў сакавіку Грышына напісала яўку з павіннай. Яна прызнала, што давала Лучыновічу хабар і нават расьпісала, за што і колькі мусіла даваць грошай.

Цяпер абвінавачаная заявіла пра пагрозы і шантаж з боку апэратыўных супрацоўнікаў і назвала перададзеныя Лучыновічу 4 тысячы даляраў ня хабарам, а дапамогай на паправу здароўя.

«Кавалак гары гэтым разам не прывезла»

Ноне Грышынай 60 гадоў. Да затрыманьня яна была кансультантам у справах нерухомасьці і будаўніцтва — дапамагала інвэстарам вырашаць праблемы з узгадненьнем будаўнічых праектаў. У справе фігуруюць сама меней тры такія аб’екты ў Менску, у тым ліку ў раёне Залатая Горка. Там на вуліцы Смалячкова плянавалі зьнесьці стары дом, каб замест яго пабудаваць адміністрацыйны будынак. Паводле сьледзтва, за незаконныя паслугі па ўзгадненьні праекту гэтай будоўлі Павал Лучыновіч і атрымаў ад Ноны Грышынай 4 тысячы даляраў.

Яна ж сёньня заявіла, што гэта быў ня хабар, а ўсе дакумэнты былі ўзгодненыя ў законным парадку. Паводле Грышынай, яна вырашыла дапамагчы Лучыновічу грашыма, бо даведалася пра яго хваробы, а ён «палюбіўся ёй як сын і чалавек».

«Ён расказваў, што ў яго баліць сьпіна, ледзь выседжвае ў кабінэтным крэсьле. Яму трэба было падлячыцца, і я яго пашкадавала, спантанна вырашыла дапамагчы. Ён нічога пра грошы ня ведаў. Ведаў толькі, што я прывезла яму зь Індыі рэдкай гарбаты. Мы дамовіліся пра сустрэчу 16 сакавіка, я сказала, што прывезла чаю, толькі гэтым разам кавалак гары не прывезла», — сказала Нона Грышына.

Паводле Грышынай, яна і раней прывозіла зь Індыі падарункі сябрам і знаёмым, у тым ліку «кавалкі Гімалаяў».

Перад арыштам яна 4 месяцы жыла ў Індыі, дзе навучылася ёзе. У позе ёгі яна сёньня чакала пачатку працэсу, седзячы на лаве падсудных.

Па вяртаньні зь Індыі яна вырашыла закончыць працу кансультанта і займацца толькі выкладаньнем ёгі.

Перад сустрэчай з Лучыновічам яна заехала да сына, забрала ў яго 4 тысячы даляраў, якія лічыла сваімі, бо пакідала сыну свае банкаўскія карткі, і з гэтымі грашыма вярнулася да сябе дамоў.

Каля дома яе ўжо чакаў Павал Лучыновіч. Жанчына сьцьвярджае, што ён зайшоў да яе ў кватэру, яны пагаварылі хвілін 40, і яна перадала яму белы пакунак, у якім былі высакагорны індыйскі чай, рэдкія спэцыі, вельмі добры «крэм для ягонай маці», бутэлька індыйскага брэндзі і маленькі пакунак зь сюрпрызам — грашыма. «Але ён пра грошы ня ведаў», — паўтарыла ў судзе Нона Грышына.

Потым Лучыновіч зьехаў, яна спынілася пагутарыць з суседам, а празь некалькі хвілін яе ўжо «затрымалі вялікія дзядзькі» (супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС).

Грышына кажа, што пасьля затрыманьня яна сядзела ў цеснай камэры, якая завецца «стаканам», ёй было страшна і хацелася схавацца за «мужчынскія плечы». Таму яна прыдумала, што грошы для Паўла Лучыновіча ўзяла не ў свайго сына, а ў бацькі Лучыновіча, якога даўно ведала, ды яшчэ прыдумала іншыя рэчы, пра якія цяпер шкадуе і якія абвяргае.

Нону Грышыну на працэсе ў Заводзкім судзе дапытвалі ўвесь дзень. Віну ў даваньні хабару Лучыновічу яна катэгарычна абвяргае.

Суд над Лучыновічам адклалі — ён у шпіталі

Суд над самім Паўлам Лучыновічам адклалі да ягонага выздараўленьня. Юрыдычна былы галоўны архітэктар Менску знаходзіцца на волі пад грашовым закладам, а фактычна ляжыць у 5-м гарадзкім клінічным шпіталі, бо ў яго паралізаваныя ногі. На пачатку верасьня Лучыновіч перанёс складаную апэрацыю на хрыбетніку. Дактары кажуць, што для выздараўленьня яму можа спатрэбіцца болей за паўгода.

Былы судзьдзя пра разьдзяленьне справы: «У нас так робяць, калі доказы сумнеўныя»

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

Пакуль вытворчасьць па крымінальнай справе Лучыновіча прыпыненая, справу Ноны Грышынай, якую вінавацяць у даваньні яму хабару па тым жа эпізодзе, пачалі разглядаць. Ці законна гэта і якія юрыдычныя наступствы гэта будзе мець для Лучыновіча? Свабода зьвярнулася па камэнтар да былога судзьдзі, вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы.

Паводле юрыста, закон жорстка не патрабуе разглядаць справы абвінавачаных па адным і тым жа эпізодзе ў адным працэсе.

«Падзяляць, ці драбіць, як я кажу, справу дазваляеццца, але ў вельмі рэдкіх выпадках. Калі, прыкладам, адзін з абвінавачаных уцёк, а цягнуць зь іншымі абвінавачанымі ўжо немагчыма. Але тут зусім іншая сытуацыя: можна ж дачакацца выздараўленьня чалавека», — мяркуе Гары Паганяйла.

Паводле яго, у Беларусі даўно склалася практыка, калі справы дробяць, каб потым лягчэй было вынесьці неабходны прысуд. У якасьці прыкладу Гары Паганяйла згадаў гучны працэс над Васілём Старавойтавым, якога, як лічыць праваабаронца, несправядліва асудзілі ў канцы 1990-х гадоў.

Паводле Гары Паганяйлы, калі Грышыну прызнаюць вінаватай у даваньні хабару, для Лучыновіча гэта будзе азначаць, што і ягоная віна фактычна даказаная.

«Ёсьць паняцьце „прэюдыцыя“ — гэта значыць, што ня трэба зноў даказваць тое, што аднойчы ўжо даказана ў судзе», — кажа Паганяйла.

Але як жа прэзумпцыя невінаватасьці і права на абарону?

«Гэтыя правы, у тым ліку на спаборнасьць працэсу, у справе Лучыновіча відавочна будуць парушаныя. Ёсьць шанец, што органы, якія сочаць за законнасьцю, умяшаюцца, але ён вельмі малы», — мяркуе Гары Паганяйла.

Ён таксама адзначыў, што «драбненьне спраў звычайна назіраецца там, дзе ёсьць сумнеўныя доказы».

Адвакаты Паўла Лучыновіча і Ноны Грышынай настойвалі на тым, каб не падзяляць працэс, але судзьдзя Жанна Хвайніцкая вырашыла інакш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG