Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы пажарны, якога на працы не адпусьцілі ў дэкрэтны водпуск, усё ходзіць па судах


Арцём Грэкаў
Арцём Грэкаў

Былы пажарнік абскардзіў у судзе сваё звальненьне зь Міністэрства надзвычайных сытуацый. Суд стаў на бок міністэрства. Але мужчына судзіцца далей.

Права на дэкрэтны водпуск для догляду за дзіцем без абмежаваньняў у органах надзвычайных сытуацый маюць работнікі-жанчыны — такая пазыцыя была выказаная 20 лістапада ў Магілёўскім абласным судзе падчас разгляду апэляцыйнай скаргі былога работніка пажарнай службы Арцёма Грэкава.

Ён тры месяцы судзіцца з гарадзкім аддзелам надзвычайных сытуацый за тое, каб аднавіцца на працы і атрымаць дэкрэтны водпуск. У выпадку зь сям’ёй Грэкавых праваабаронцы бачыць дыскрымінацыю паводле полавай прыкметы.

20 лістапада ўсьлед за Ленінскім судом Магілёва пазоў Грэкава пакінуў без задавальненьня Магілёўскі абласны суд. Грэкаў будзе судзіцца далей.

З чаго ўсё пачалося?

У красавіку ў сям’і 38-гадовага Арцёма Грэкава нарадзілася другое дзіця, і ён наважыўся пайсьці ў дэкрэтны адпачынак замест жонкі. Пра сваё жаданьне сказаў на атэстацыйнай камісіі, якая разглядала пытаньне працягненьня зь ім працоўных адносін. У выніку пастанавілі кантракт не працягваць, заяву на дэкрэт не задавальняць.

З 1 жніўня Грэкаў беспрацоўны і страціў усе 16 гадоў выслугі. Да права выйсьці на пэнсію ў 48 ён не даслужыў чатырох гадоў.

Акрамя народжанага ў сакавіку дзіцяці, у сям’і Грэкавых ёсьць яшчэ дачка. Яе ў дэкрэце глядзела жонка, чый страхавы стаж — толькі тры гады.

Узнагароды і значкі пажарнага выратавальніка
Узнагароды і значкі пажарнага выратавальніка

На што разьлічвае Арцём Грэкаў?

Арцём Грэкаў звальненьне лічыць незаконным, бо, на ягоную думку, наймальнік ня даў яму водпуску для догляду за дзіцем і ня выканаў правы і гарантыі работніка.

У судзе ён апэлюе да Працоўнага кодэксу, які гарантуе дэкрэтны водпуск абаім бацькам. Лічыць, што былы працадаўца няслушна трактуе Палажэньне аб праходжаньні службы ў органах надзвычайных сытуацый, якое таксама прадугледжвае такі водпуск.

19 верасьня 2019 году Ленінскі суд Магілёва не задаволіў прэтэнзіі Грэкава да гарадзкога аддзелу надзвычайных сытуацый. Пасьля гэтага ён зьвярнуўся з касацыйнай скаргай у абласны суд. Сваім пазовам Грэкаў дамагаецца:

  • аднаўленьня на працы;
  • спагнаньня 1020 рублёў за вымушаны прагул з былога працадаўцы;
  • кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў;
  • атрыманьня водпуску для догляду за дзіцем.
Ірына і Арцём Грэкавы з шасьцімесячнай дачкой Валерыяй
Ірына і Арцём Грэкавы з шасьцімесячнай дачкой Валерыяй

Пазыцыя былых працадаўцаў Арцёма Грэкава: нашу дзейнасьць рэглямэнтуюць лякальныя нарматыўныя акты

Паводле намесьніка начальніка абласнога ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацый Аляксандра Якубава, работнікі пажарнай службы — гэта прадстаўнікі ваенізаванага фармаваньня.

Згодна з Палажэньнем аб праходжаньні службы ў органах надзвычайных сытуацый, разьлічваць без абмежаваньняў на дэкрэтны адпачынак могуць у першую чаргу работнікі-жанчыны. Па ягоных словах, у гэтым палажэньні агаворваюцца ўмовы прадстаўленьня такога водпуску і мужчыну.

«Мы як дзяржаўная арганізацыя разумеем яго ў тым пляне, што бацька можа разьлічваць на водпуск тады, калі ў ягонай жонкі адсутнічаюць фактычныя ўмовы для догляду за дзіцем», — кажа суду Аляксандар Якубаў.

Па ягоных словах, Арцёму Грэкаву прапаноўвалася ўжо пасьля паведамленьня аб спыненьні зь ім працоўных адносін працягнуць кантракт на 1 год, але ён адмовіўся. 1 жніўня працэдура звальненьня была завершаная канчаткова. Аляксандар Якубаў настойвае, што звальненьне не зьвязанае з жаданьнем былога работніка сысьці ў дэкрэтны водпуск.

Ён лічыць, што ў адказчыка і ягонай жонкі яшчэ дастаткова часу, каб напрацаваць страхавы стаж і зарабіць пэнсію.

Пазыцыя праваабаронцаў

Праваабаронцы пра гісторыю Грэкавых кажуць, што яна ілюструе супярэчлівасьць заканадаўства ў пытаньнях гендэрнай роўнасьці. З аднаго боку, Канстытуцыя гарантуе права выхаваньня дзяцей абаімі бацькамі, а з другога — замацоўвае дыскрымінацыю.

У цэнтры «Яе права» пагаджаюцца, што ў Палажэньні аб праходжаньні службы ў органах надзвычайных сытуацый пералічаныя выпадкі, калі бацька можа разьлічваць на дэкрэтны водпуск. Пры гэтым зьвяртаюць увагу, што «жанчыне такі водпуск даецца адразу, а мужчыну — у выключных сытуацыях, што і ёсьць дыскрымінацыяй паводле полавай прыкметы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG