Кандыдаты ад апазыцыйных рухаў і партый у Ганконгу атрымалі пераканаўчую перамогу на выбарах у раённыя саветы дэпутатаў 18 акругаў Ганконгу, якія прайшлі 24 лістапада.
Як вынікае з папярэдніх вынікаў, паводле мясцовай тэлекампаніі RTHK, апазыцыйныя кандыдаты атрымалі 388 месцаў з 452.
Яўка на першых выбарах пасьля пачатку масавых пратэстаў склала 71% (прагаласавалі каля 2,9 млн чалавек). На мінулых выбарах у 2015 годзе яўка была каля 47%.
Раённыя саветы ня маюць заканадаўчых паўнамоцтваў. Яны служаць дарадчымі органамі для прыняцьця мясцовых рашэньняў. Аднак вынікі выбараў на фоне акцый пратэсту могуць служыць указаньнем на характар будучых выбараў у больш уплывовую заканадаўчую раду і на кіроўныя пасады.
У чэрвені ў Ганконгу пачаліся акцыі пратэсту супраць намераў уладаў дазволіць экстрадыцыю грамадзян Ганконгу ў Кітай. Былая брытанская калёнія была перададзеная пад юрысдыкцыю Пэкіну ў 1997 годзе. Ганконг цяпер мае статус «спэцыяльнага адміністрацыйнага рэгіёну».
Што варта ведаць пра пратэсты ў Ганконгу
Што такое ўвогуле Ганконг?
Ганконг — спэцыяльная адміністрацыйная адзінка Кітайскай Народнай Рэспублікі, знаходзіцца на ўсходнім узьбярэжжы Кітаю пад Паўднёва-Кітайскім морам. Гэта адзін з асноўных фінансавых цэнтраў Азіі і сьвету.
Ганконг разьмяшчаецца на Каўлунскай паўвысьпе, а таксама яшчэ на 260 малых выспачках. На поўначы мяжуе са спэцыяльнай эканамічнай зонай Шэньчжэнь у складзе кітайскай правінцыі Гуандун. У Ганконгу жыве больш за 7 мільёнаў чалавек на тэрыторыі 1104 км2 – гэта амаль у 190 разоў меншая тэрыторыя, чым у Беларусі.
Доўгі час Ганконг быў брытанскай тэрыторыяй і перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.
Што выклікала пратэсты?
Улады Ганконгу ўнесьлі ў парлямэнт законапраект аб экстрадыцыі правапарушальнікаў, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах, на мацерыковы Кітай. Экстрадыцыя з Ганконгу цяпер магчымая толькі на падставе дамоваў, якія былі заключаны яшчэ да пераходу гораду пад юрысдыкцыю КНР.
У чэрвені 2019 году дакумэнт выклікаў шматлікія пратэсты жыхароў Ганконгу. Крытыкі дакумэнту казалі, што ён мог быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскага правасудзьдзя дысыдэнтаў і несправядліва перасьледаваных людзей.
Дэманстрацыі выліліся ў масавы рух з патрабаваньнем дэмакратычных пераўтварэньняў. Адміністрацыя Ганконгу неаднаразова абвяшчала пра адмову ад законапраекту. Аднак пратэстоўцы сталі патрабаваць афіцыйна адклікаць дакумэнт і працягнулі маршы пад лёзунгамі абароны сувэрэнітэту Ганконгу ад дамаганьняў Кітаю.
Што цяпер з гэтым законапраектам?
23 кастрычніка ўлады Ганконгу афіцыйна адклікалі законапраект. Аднак гэта не спыніла пратэстаў.
За месяцы ранейшых пратэстаў на вуліцах гораду неаднаразова ўзьнікалі сутычкі паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Паліцыянты ўжывалі сілу для разгону актывістаў і адзін раз выкарысталі агнястрэльную зброю. Раненьне атрымаў адзін чалавек. Тысячы ўдзельнікаў акцый атрымалі лёгкія раненьні і траўмы, а больш за дзьве з паловай тысячы былі арыштаваны. Іх вызваленьне цяпер зьяўляецца адным з патрабаваньняў пратэстоўцаў да ўладаў.