У нядзелю ў міжнародным аэрапорце горада Муан «Боінг 737-800», які ляцеў з Бангкока, пры прызямленьні на вялікай хуткасьці выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы. Урэзаўшыся ў агароджу, ляйнэр загарэўся, ператварыўшыся ў агністы шар, адзначае агенцтва Reuters. Полымя тушылі каля чатырох гадзін.
У СМІ і сацсетках зьявіліся кадры здарэньня.
Паведамляецца аб двух выжылых членах экіпажа. Іх выратавалі з хваставой часткі. Усе астатнія, як мяркуецца, загінулі. Усяго на борце ляйнэра быў 181 чалавек, з іх 175 пасажыры. Па папярэдніх дадзеных, двое пасажыраў былі грамадзянамі Тайлянда, астатнія — паўднёвакарэйцы.
Прычыны катастрофы высьвятляюцца. Прадстаўнікі пажарнай службы аэрапорта выказалі здагадку, што самалёт мог сутыкнуцца з птушкамі, што і выклікала адмову шасі. Сярод іншых магчымых фактараў улады называюць умовы надвор’я. Ляйнэр заходзіў на пасадку пасьля 9 раніцы па мясцовым часе. Перад гэтым ён падаў сыгнал бедства.
Адзін з пасажыраў, інфармацыю аб якім прывяло агенцтва News1, напісаў падчас палёту сваяку, што ў крыле засела птушка.
На месца катастрофы прыбыў выконваючы абавязкі прэзыдэнта Карэі Чхвэ Сан Мок. Ён выказаў спачуваньні блізкім загінулых і паабяцаў, што дзяржава акажа ім неабходную падтрымку.
Як адзначылі ў міністэрстве транспарту краіны, гэта самая сьмяротная авіякатастрофа за ўсю гісторыю Паўднёвай Карэі.
Форум