У ЗША каманда фізыкаў з Рочэстэрскага ўнівэрсытэту ў штаце Нью-Ёрк стварыла прататыпы мэталічных канструкцый, якія немагчыма патапіць, нават цалкам пагрузіўшы ў ваду.
Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі, спасылаючыся на нядаўнюю публікацыю ў навуковым часопісе Applied Materials and Interfaces.
Ідэю вынаходзтва навукоўцы запазычылі ў вадзяных павукоў-серабранак і атрутных вогненных мурашак, целы якіх маюць воданепрымальныя (гідрафобныя) ўласьцівасьці.
Навукоўцы, пры выкарыстаньні гэтак званай тэхнікі гідрафобнай гравіроўкі, нанесьлі на паверхню мэталю спэцыяльны мікраскапічны ўзор, які перашкаджае змочваньню, утвараючы своеасаблівую паветраную падушку, за кошт якой канструкцыя ня тоне, нават калі ў ёй прабіта некалькі скразных адтулін.
Аўтары дасьледаваньня спадзяюцца, што ў будучыні, пры выкарыстаньні згаданай гравіроўкі, можна будзе будаваць незатапляльныя пасажырскія і гандлёвыя судны, а таксама прылады, якія змогуць праводзіць доўгі час пад вадой, не сутыкаючыся зь ёю і не ржавеючы.
Паводле прафэсара Рочэстэрскага ўнівэрсытэту Чунлея Гуо, распрацаваная ў яго лябараторыі тэхніка прыдатная для нанясеньня гідрафобнага ўзору на паверхню любога мэталю або іншых матэрыялаў.