Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Другая ўсясьветная вайна — ня наша, то чаму Кастрычніцкая рэвалюцыя — наша?


Акцыя ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі на плошчы Незалежнасьці ў Менску, архіўнае фота
Акцыя ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі на плошчы Незалежнасьці ў Менску, архіўнае фота

Тэзіс пра «ня нашу вайну» стварае шэраг парадоксаў і супярэчнасьцяў, зь якіх мусяць неяк выкручвацца работнікі беларускага ідэалягічнага фронту.

Сьцісла

  • Пастулят пра «ня нашу вайну» пачынае раскручвацца дзяржаўнымі мэдыямі.
  • Шукаць лёгікі ў палітычных міталягемах — справа няўдзячная.
  • Трэба рабіць наступныя крокі, пазбаўляцца ад каляніяльнай спадчыны, шукаць у гісторыі карані беларускай ідэнтычнасьці.
  • Такія супярэчлівыя ідэалягічныя пабудовы рэдка прыносяць жаданы эфэкт.

Спачатку здавалася, што словы Лукашэнкі пра ня нашы войны ў інтэрвію казахстанскаму тэлеканалу «Хабар» — гэта проста няўдала сканструяваная фраза. Такія ляпы здараюцца зь ім рэгулярна, на радасьць журналістам, якія потым доўга зь іх насьміхаюцца.

Але праз тыдзень Лукашэнка гэтую думку паўтарыў. Пасьля крытычнай заявы расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева на яго хутка адрэагавала прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант. А 5 кастрычніка тэлеканал АНТ прысьвяціў гэтай тэме цэлы сюжэт. З усяго гэтага вынікае, што першапачатковая заява Лукашэнкі — не выпадковасьць, а, магчыма, пачатак нейкай палітыка-прапагандысцкай кампаніі.

Усё гэта выглядае вельмі дзіўна. Бо 25 гадоў у афіцыйным беларускім дыскурсе апошняя вайна была больш «наша», чым «ваша», то бок расейская. Лукашэнка шмат разоў хваліўся, што ў 1990–2000-я гады сьвяткаваньне Перамогі ў Беларусі было больш урачыстым, шырокім, маштабным, чым у Расеі. Дарэчы, гэтая думка мільгае і ў заяве Натальлі Эйсмант, і ў сюжэце на АНТ. Некалькі гадоў таму беларускі лідэр папракаў Расею, што тая спрабуе «прыватызаваць Перамогу», то бок нібы забраць яе ў Беларусі. А вось цяпер раптам атрымліваецца, што гэта — чужая вайна.

Я разумею, што шукаць лёгікі ў палітычных міталягемах — справа няўдзячная. Тым ня менш такая новая ўстаноўка стварае шэраг парадоксаў і супярэчнасьцяў, зь якіх мусяць неяк выкручвацца работнікі беларускага ідэалягічнага фронту.

Калі мінулая вайна для Беларусі чужая, то беларусы — нявінныя ахвяры чужой злой волі. Але пастулят пра народ-ахвяру разбурае гераічны міт, які ўжо больш як 70 гадоў культываваўся ў грамадзкай сьвядомасьці. Народ-ахвяра і народ-герой — гэта розныя вобразы. Як іх сумясьціць?

І паняцьце «подзьвіг» у дачыненьні да чужой вайны гучыць пэўным дысанансам. Напрыклад, ці можна казаць пра гераізм і подзьвігі салдат Савецкай арміі ў Аўганскай вайне 1979–1989 гадоў? Пытаньне экзыстэнцыяльнае.

У сюжэце на АНТ на Расею ўскладаецца віна за вайну 1812 году і Першую ўсясьветную вайну. Засталося зрабіць наступны крок — прызнаць, што пакт Молатава-Рыбэнтропа быў адным з чыньнікаў, што спрычыніліся да разьвязваньня Другой усясьветнай вайны.

Другі момант. Вось Лукашэнка з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў павіншаваў беларускі народ з чарговай гадавінай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нядаўна кіраўнік Беларусі хваліўся, што не дазволіў дэмантаваць савецкія помнікі, бо гэта наша гісторыя, мы «не адмовіліся ад свайго гістарычнага мінулага».

Але калі вайна — ня наша, то чаму Кастрычніцкая рэвалюцыя — наша? Пры тым, што памяць аб мінулай вайне ёсьць у гістарычнай памяці народу, а пра Кастрычніцкую рэвалюцыю — няма. Яна не фіксуецца ніякімі сацыялягічнымі апытаньнямі.

То бок, сказаўшы «А», трэба казаць «Б». Варта рабіць наступныя крокі, пазбаўляцца ад каляніяльнай спадчыны, шукаць у гісторыі карані беларускай ідэнтычнасьці.

Канечне, палітычная міталёгія — рэч вельмі гнуткая. Тым ня менш такія ідэалягічныя выкрунтасы, піяраўскія акрабатычныя этуды рэдка прыносяць жаданы эфэкт. Доўга сядзець у шпагаце — шкодна для здароўя. Нават калі шпагат ідэалягічны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG