Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубінскі прэзыдэнт едзе ў Менск. Што варта ведаць пра стасункі Беларусі і Кубы


Мігель Дыяс-Канэль
Мігель Дыяс-Канэль

22 кастрычніка пачынаецца візыт у Беларусь прэзыдэнта Кубы Мігеля Марыё Дыяс-Канэля Бэрмудэса. Што варта ведаць пра беларуска-кубінскія адносіны.

Другі візыт: Цяперашні лідэр Кубы ўжо наведваў Беларусь у траўні 2016 году, калі быў першым намесьнікам старшыні Дзяржсавету і Савету міністраў Кубы

Абвал таваразвароту: У 2012 годзе ўзаемны гандаль складаў прынамсі 100 мільёнаў даляраў, у 2014-м — упаў больш чым удвая — да 39 мільёнаў, у 2016-2017 — узьняўся да 60 мільёнаў, потым ізноў абвал: у 2018 годзе — 17 мільёнаў, сёлета ў студзені-жніўні ўзаемны гандаль склаў усяго 9.5 мільёнаў даляраў. Летась і сёлета ільвіную долю гэтага гандлю (адпаведна 81% і 74%) склаў беларускі экспарт на Кубу.

Генэральны сакратар ЦК Камуністычнай партыі Кубы Рауль Кастра і Аляксандар Лукашэнка, Гавана, 2012
Генэральны сакратар ЦК Камуністычнай партыі Кубы Рауль Кастра і Аляксандар Лукашэнка, Гавана, 2012

Лукашэнка на Кубе: Кіраўнік Беларусі быў на Кубе з афіцыйнымі візытамі двойчы — у 2000 і 2012 гадах, у 2006 годзе браў удзел у саміце Руху недалучэньня ў Гаване.

Калегі па несвабодзе: Паводле ацэнак міжнародных праваабарончых і дасьледных арганізацыяў, і Беларусь, і Куба — краіны, дзе жорстка падаўляюцца правы чалавека. Паводле сёлетняй ацэнкі Freedom house абедзьве краіны належаць да катэгорыі несвабодных. Па шкале, дзе 0 — поўная несвабода, а 100 — поўная свабода, Куба мела значэньне індэксу 14, Беларусь — 19.

Беларусь, Куба і ЗША — санкцыі і дыпляматыя: Адносна Кубы ўжо больш за паўстагодзьдзя дзейнічаюць санкцыі ЗША. Яны былі аслабленыя падчас паляпшэньня адносінаў і аднаўленьня дыпляматычных стасункаў у 2016 годзе. Аднак значная частка санкцыяў ЗША адносна Кубы дзейнічае дагэтуль.

Эканамічныя санкцыі ЗША адносна Беларусі замарожаныя, але не скасаваныя.

Новы чалавек у Гаване: Мігель Марыё Дыяс-Канэль Бэрмудэс — трэці лідэр Кубы пасьля кубінскай рэвалюцыі. Ён нарадзіўся ў 1960 годзе, пасьля рэвалюцыі. Абодва ягоныя папярэднікі — Фідэль і Рауль Кастра — былі лідэрамі рэвалюцыі.

Мігель Дыяс-Канэль 19 красавіка 2018 году быў прызначаны старшынём Дзяржсавету і кіраўніком ураду, 10 кастрычніка сёлета парлямэнт Кубы абраў яго прэзыдэнтам краіны. Пасада адноўленая ў межах канстытуцыйнай рэформы 2018 году.

Папярэднік Бэрмудэса — Рауль Кастра — захоўвае частку ўладных паўнамоцтваў, бо зьяўляецца першым сакратаром Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Кубы.

Што мяняецца на Кубе, а што — не: Паводле ацэнак экспэртаў, новы кіраўнік дзяржавы працягнуў курс на частковую лібэралізацыю сацыялістычнай эканомікі.

У ліпені 2018 году парлямэнт прыняў новую Канстытуцыю. Паводле яе, на Кубе прызнаецца прыватная ўласнасьць, прыватны гандаль і свабодны рынак.

Акрамя таго была адноўленая пасада прэзыдэнта, прычым адна асоба можа займаць сваю пасаду ня больш за два пасьлядоўныя пяцігадовыя тэрміны.

Разам з тым кампартыя Кубы, паводле Канстытуцыі, застаецца адзінай законнай палітычнай сілай («асноўнай накіроўваючай сілай грамадзтва»)

Рауль і Фідэль Кастра на сьвяткаваньні 20-годзьдзя перамогі рэвалюцыі, Гавана, 1 лютага 1979
Рауль і Фідэль Кастра на сьвяткаваньні 20-годзьдзя перамогі рэвалюцыі, Гавана, 1 лютага 1979

Лукашэнка пра Фідэля Кастра: З жалобнага ліста з нагоды сьмерці Кастра ў 2016 годзе: «Зьяўляючыся кіраўніком невялікай карыбскай дзяржавы, ён стаў палітычным дзеячом плянэтарнага маштабу, які аказаў значны ўплыў на разьвіцьцё падзей у сьвеце ў XX стагодзьдзі і на пэрспэктыву... Вялікую каштоўнасьць маюць для мяне разумныя думкі і парады, якімі ён дзяліўся са мной. Упэўнены, што гэта неацэнны скарб будзе і далей дапамагаць мне ў дзяржаўнай дзейнасьці і асабістым жыцьці»

Фідэль Кастра фактычна кіраваў Кубай 52 гады — з 1959 па 2011 год — займаючы розныя пасады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG