Грамадзянку Расеі Ганну Багачову, якая трапіла пад санкцыі ЗША ў справе аб умяшаньні ў амэрыканскія выбары, затрымалі ў Менску 13 кастрычніка і вызвалілі праз два дні.
Багачова — адна з 13 расейцаў, якім выставілі абвінавачаньні пасьля расьсьледаваньня спэцпракурора ЗША Робэрта Мюлера.
Як высьветліла расейская служба Радыё Свабода, Ганна Багачова добра вядомая ў колах расейскіх нацыяналістаў як «Анна Тригга». Яна была актывісткай арганізацыі «Русский образ», уваходзіла ў «групу падтрымкі» Ільлі Гарачава на судзе па справе «Баявой арганізацыі рускіх нацыяналістаў» (БОРН), па выніках якога Гарачаў атрымаў пажыцьцёвы тэрмін за арганізацыю некалькіх забойстваў.
Паводле галоўнага рэдактара выданьня «Медиазона» Сяргея Сьмірнова, «Рускі вобраз» быў спробай стварыць свайго роду «палітычны дах» для БОРН. Гарачаў таксама хацеў наладзіць (і збольшага змог гэта зрабіць) супрацоўніцтва з адміністрацыяй прэзыдэнта Расеі.
Таксама паведамляецца, што яна была знаёмая з Марыяй Буцінай, якая таксама трапіла ў поле зроку ФБР падчас расьсьледаваньня справы аб умяшаньні Расеі ў амэрыканскія выбары і пасьля пагадненьня са следзтвам была асуджаная ў ЗША да аднаго з паловай гадоў пазбаўленьня волі за дзейнасьць у якасьці незарегістраванага агента замежнага ўраду.
Вядома, што ў 2011 годзе Ганна Багачова выступала на моладзевым форуме ў Беларусі зь лекцыяй «пра інфармацыйную бясьпеку і сацыяльныя сеткі». Яна фігуравала на фота ў Інстаграме былога актывіста арганізацыі «Русский образ» Яўгена Валяева. Але ўжо пасьля гэтай публікацыі, фота з Інстаграму зьнікла.
На іншым фота, апублікаваным тэлеграм-каналам «Белорусский порядок», разам з Валеевым і Багачовай ёсьць і Сяргей Лушч — цяперашні кіраўнік зарэгістраванага ў Беларусі грамадзкага аб’яднаньня «Русь молодая». Гэта створаная ў 2005 годзе праўрадавая расейская моладзевая арганізацыя, якая сваёй ідэалёгіяй называе «грамадзянскі нацыяналізм».
Сяргей Лушч адмовіўся адказваць на пытаньні Свабоды пра Багачову, сказаўшы, што знаходзіцца ў камандзіроўцы.
Фігурантка амэрыканскага санкцыйнага сьпісу
У лютым 2018 году расейскія СМІ, а таксама Радыё Свабода падрабязна распавядалі пра людзей з санкцыйнага сьпісу. Як вынікае з абвінаваўчага заключэньня, многія зь іх наведвалі ЗША напярэдадні выбараў, каб сабраць інфармацыю і завесьці сувязі, якія павінныя былі дапамагчы ў стварэньні фэйкавых акаўнтаў і груп у сацсетках для палярызацыі амэрыканскага грамадзтва і наступнага ўплыву на амэрыканскі палітычны парадак дня.
Ці не найменш інфармацыі журналістам удалося атрымаць пра супрацоўніцу «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» Ганну Багачову. Паводле Міністэрства юстыцыі ЗША, яна працавала як мінімум з красавіка па ліпень 2014 году ў так званым «перакладчыцкім праекце».
Багачова разам зь іншай супрацоўніцай агенцтва, Аляксандрай Крыловай, наведала дзевяць амэрыканскіх штатаў, каб сабраць дадзеныя для будучых апэрацый «фабрыкі троляў» у ЗША. Пры атрыманьні візы яна паказала несапраўдную мэту паездкі. Ужо знаходзячыся ў краіне, купіла відэакамэры, некалькі сім-карт і аднаразовых тэлефонаў, абмяркоўвала з Крыловай «шляхі адыходу» для сябе і сваіх калегаў на выпадак правалу місіі.
Як высьветлілі журналісты «Новай газэты», ураджэнка Стаўрапольскага краю Ганна Багачова вучылася ў Санкт-Пецярбургу ў Нацыянальным дасьледчым унівэрсытэце інфармацыйных тэхналёгій, мэханікі і оптыкі і валодала разам з былым камісарам пракрамлёўскага руху «Нашы» Міхаілам Пацепкіным кампаніяй «АйТи Дебаггер», якая займалася «прасоўваньнем сайтаў і распрацоўкай PR-кампаній».
Чаму Ганна Багачова са «сьпісу Мюлера» — гэта «Анна Тригга»?
Пра тое, што «Анна Тригга» можа быць той самай Ганнай Багачовай з санкцыйнага сьпісу ЗША, удалося даведацца дзякуючы выдаленаму акаўнту Тригги ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» — vk.com/trigga88. Згадку гэтага акаўнту як акаўнту «Тригги» знайшлі ў камэнтарах да навіны ад 13 траўня 2013 года на сайце «Правые новости» пра абвяшчэньне Ільлі Гарачава ў вышук па справе БОРН. У камэнтары карыстальнік пад нікам KAMPF18 піша пра «Триггу» як пра адну з актывістак «Руского порядка», зьвязаную з Гарачавым.
Нягледзячы на тое што цяпер рахунак trigga88 выдалены, на сайце Wayback Machine захавалася яго копія па стане на 1 лютага 2012 году.
Як вынікае з гэтай захаванай копіі, рахунак trigga88 належыць карыстальніку Anna Trigga, які нарадзіўся 13 сакавіка 1988 году. Такая ж дата нараджэньня пазначаная насупраць прозьвішча Ганны Багачовай у санкцыйным сьпісе Міністэрства фінансаў ЗША. Як выявілася, рахунак Багачовай-«Тригги» быў ня выдалены, а перайменаваны: па адрасе vk.com/id5146266 адкрываецца старонка карыстальніка «Анна Владиславова» (імя Багачовай і яе імя па бацьку, пераробленая ў прозьвішча). Профіль зачынены ад староньніх вачэй, адзіная даступная ў ім інфармацыя — аватар профілю (Энтані Гопкінс у ролі Ганібала Лектара) і дзень нараджэньня, усё тое ж 13 сакавіка (але ўжо бяз году).
З праграмістак у нацыяналісткі
Ганна Багачова нарадзілася ў Стаўрапальскім краі, але ў сярэдзіне 2000-х апынулася ў Санкт-Пецярбургу, дзе паступіла ў Нацыянальны дасьледчы ўнівэрсытэт інфармацыйных тэхналёгій, мэханікі і оптыкі — адзін з вядучых расейскіх ВНУ, студэнты якога ня раз рабіліся пераможцамі міжнародных спаборніцтваў па праграмаваньні.
Праграмаваньню вучылася і Багачова, відавочна, досыць рупліва: у 2010 годзе, будучы студэнткай 6-га курса факультэта кампутарных тэхналёгій і кіраваньня, яна сярод яшчэ 20 студэнтаў унівэрсытэту атрымала прэстыжную Патанінскую стыпэндыю. У 2013-м, ужо будучы асьпіранткай, была рэкамэндаваная сваім ВНУ на стыпэндыю ураду РФ па прыярытэтных кірунках.
У красавіку 2014 году Багачова зарэгістравала зь Міхаілам Пацепкіным згаданую вышэй кампанію «Ай Ти Дебагер», а ў чэрвені таго ж году Багачова разам са сваёй калегай па новай працы Аляксандрай Крыловай, яшчэ адной фігуранткай сьпісу Мюлера, ужо накіравалася ў першую паездку па ЗША «з мэтай збору разьведадзеных» для «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» Яўгенія Прыгожына.
Вядомай дзяячкай пецярбурскіх нацыяналістычных колаў, у якіх яна добра вядомая пад псэўданімам «Анна Тригга», Багачова стала прыкладна ў адзін час з пачаткам сваёй вучобы ва ўнівэрсытэце.
Галоўны рэдактар выданьня «Ридус» Андрэй Гулюцін, які ў сярэдзіне 2000-х уваходзіў у рэдкалегію часопісу «Рускі вобраз», адказаў Радыё Свабода на пытаньне, як яна трапіла ў гэтыя колы:
«Спорт, каляфутбольныя колы, музыка — усё перадавыя носьбіты гэтых ідэй у юнацтве належаць да рознага кшталту левакоў або да правых. У тыя далёкія гады, у 90-х — нулявых, калі ты не хацеў быць у колах наркаманаў, але хацеў быць часткай нефармальнага асяродзьдзя, а не гапаты, ты абавязкова трапляў у тое самае асяродзьдзе. Усё проста».
Крыніца Радыё Свабода, якая пажадала захаваць ананімнасьць, распавяла, што на працу ў «Агенцтве інтэрнэт-дасьледаваньняў» Багачова прыйшла пад ціскам ФСБ — пасьля ўдзелу «Тригги» ў працы «Рускага ладу» і іншых нацыяналістычных праектаў. Пацьвердзіць гэтую інфармацыю ў іншых крыніцах Свабодзе пакуль не ўдалося.