Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справаздачы для Сэнату ЗША: Расейская «фабрыка троляў» спрыяла Дональду Трампу на выбарах 2016 году


Дзьве справаздачы, падрыхтаваныя для Сэнату ЗША, дакумэнтуюць далёкасяжную кампанію расейскіх агентаў з мэтай уплыву на меркаваньне амэрыканскіх грамадзянаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году.

Справаздачы, апублікаваныя 17 сьнежня, былі падрыхтаваныя для сэнацкага Камітэту ў справах выведкі — аднаго з галоўных парлямэнцкіх органаў, які дасьледуе як Расея спрабавала паўплываць на выбары, у якіх перамог Дональд Трамп.

Згаданыя справаздачы, якія базуюцца на дасьледаваньні мільёнаў запісаў у сетках Twitter і Facebook, відэа на YouTube, фатаграфіяў у Instagram і іншых матэрыялаў з сацыяльных сетак, даюць найбольш поўнае на гэты момант уяўленьне пра тое, як Расея выкарыстоўвала інструмэнты высокіх тэхналёгіяў для пашырэньня дэзынфармацыі.

Выведныя органы ЗША прыйшлі ў студзені 2017 году да высновы, што Масква аддала перавагу Трампу перад яго суперніцай з Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан і ўжывала хакерства, прапаганду і сацыяльныя сеткі для ўплыву на пачуцьці выбарнікаў.

У адной з справаздачаў паведамляюцца новыя дэталі пра тое, як у пецярбурскай фірме пад назвай Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў ствараліся фэйкавыя ўліковыя запісы пад выдуманымі імёнамі і як ад іх імя ў такіх сетках, як Facebook, Google і Twitter пашыралася дэзынфармацыя, сеяліся сумневы, выказвалася падтрымка Трампу і прыніжалася Клінтан.

Мяркуецца, што Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў, якое часта называюць «фабрыкай троляў», фінансуе зьвязаны з Крамлём бізнэсовец Яўгені Прыгожын. Яго і яшчэ 12 асобаў спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер у лютым абвінаваціў у банкавым махлярстве, злачыннай змове і крадзяжы пэрсанальных дадзеных.

«Уся публікаваная інфармацыя ясна сьведчыць пра спробы паспрыяць Рэспубліканскай партыі і канкрэтна Дональду Трампу», гаворыцца ў справаздачы, дэталі якой упершыню былі апублікаваныя ў The Washington Post.

Справаздачу падрыхтаваў Праект інфармацыйнай прапаганды Оксфардзкага ўнівэрсытэту і фірма сеткавага аналізу Graphika.

У абедзьвюх справаздачах, сярод іншага, аналізавалася як у аплачаных Расеяй матэрыялах падтрымліваліся кансэрватыўныя пазыцыі ў такіх пытаньнях, як іміграцыя і права на нашэньне зброі.

Другую справаздачу падрыхтавалі дасьледнікі аддзелу New Knowledge Калюмбійскага ўнівэрсытэту і кампаніі Canfield Research. У ёй дасьледуецца як расейскія агенты ўплывалі на выбарнікаў сярод афраамэрыканцаў і іншых мяншыняў — бальшыня зь якіх падтрымлівае дэмакратаў — і спрабавалі пасеяць у іх сумнеў наконт амэрыканскай выбарчай сыстэмы, а таксама пашыралі дэзынфармацыю пра такія рэчы, як час галасаваньня.

Абедзьве справаздачы паказваюць, як Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў пашырала сваю інфармацыю ня толькі праз Instagram, Facebook, and Twitter, але і празь іншыя плятформы, улучаючы Tumblr, Pinterest, YouTube, Reddit, Vine і Google+.

«Сваімі шматгадовымі намаганьнямі Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў выкарыстоўвала падзелы ў нашым грамадзтве, знаходзячы слабыя месцы ў нашай інфармацыйнай экасыстэме. Яны выкарыстоўвалі сацыяльную незадаволенасьць і кагнітыўныя адхіленьні», гаворыцца ў справаздачы New Knowledge.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG