Суд у Вашынгтоне асудзіў расейку Марыю Буціну на 18 месяцаў зьняволеньня паводле абвінавачваньня ў працы ў якасьці замежнага агента без апавяшчэньня генэральнага пракурора ЗША, паведамляе Настоящее время.
Яна прызналася ў змове супраць ЗША і ў тым, што яна дзейнічала як агентка расейскага ўраду бяз вызначанай у законе рэгістрацыі. Пракуратура ЗША патрабавала для Буцінай першапачаткова паўтара году турмы, але потым папрасіла дэпартаваць яе на радзіму.
Паводле прысуду, Буціна правядзе ў турме ЗША яшчэ 9 месяцаў – палову свайго тэрміну яна адбыла яшчэ ў часе расьсьледаваньня. Пасьля гэтага яе дэпартуюць у Расею бяз права вярнуцца ў ЗША на працягу 10 гадоў. Як гаворыцца ў судовых дакумэнтах, Буціна заявіла, што ў яе «няма боязі, што яна можа стаць аб'ектам перасьледаў у Расеі» ці можа быць «катаваная» за яе згоду супрацоўнічаць з амэрыканскім сьледзтвам.
Буціна, якая прыбыла ў ЗША па студэнцкай візе ў 2016 годзе, прызнала сябе вінаватай у парушэньні законаў аб рэгістрацыі замежных агентаў. Амэрыканская пракуратура палічыла яе дзеяньня шпіянажам. Яна завязвала кантакты з уплывовымі кансэрватыўнымі палітыкамі па заданьні расейскага афіцыйнай асобы.