4 кастрычніка пачынаецца перапіс насельніцтва Беларусі.
Сьцісла
- Аляксандар Лукашэнка загадаў правесьці перапіс насельніцтва «па-зямному».
- Але дзяржаўных грошай на гэта не хапае. Таму знайшлі замежнага фундатара.
- Усясьветны банк зацікаўлены ў тым, каб ведаць усё пра жыцьцё беларусаў.
Інструкцыі, як праводзіць перапіс, Лукашэнка даў яшчэ чатыры гады таму. Прымаючы 13 жніўня 2015 году старшыню Нацыянальнага статыстычнага камітэту Іну Мядзьведзеву, ён даў наказ жорстка эканоміць дзяржаўныя сродкі:
«Перапіс павінен быць праведзены на міжнародным узроўні, але пры максымальным зьніжэньні затрат на яго». На думку Лукашэнкі, у Беларусі дастаткова сіл і сродкаў, каб зрабіць усё якасна і своечасова, «аднак галоўнае — падысьці да пытаньня па-зямному і па-гаспадарску».
Але сам па сабе перапіс усяго насельніцтва — кампанія аб’ёмістая. А значыць, і дарагая. Галоўны фундатар перапісу-2019 — Усясьветны банк. Ён выдаў 1,9 мільёна даляраў. Навацыя перапісу — удзел у ім праз інтэрнэт — цалкам аплачваецца банкам. Ужо вядома, што кожны трэці беларус пажадаў скарыстацца новай для сябе магчымасьцю.
Адказваючы на пытаньне Свабоды пра фінансаваньне перапісу, Іна Мядзьведзева дадала:
«Сёлета дзяржава бярэ на сябе 35% выдаткаў. Усё астатняе — за кошт спонсараў. На папярэднім перапісе, які прайшоў 10 гадоў таму, прапорцыя была зусім іншая: 95% — бюджэтныя грошы, і толькі 5% — спонсары».
Клопаты беларускіх чыноўнікаў аб пошуку фундатараў зразумелыя — грошай у бюджэце мала. Можна думаць, што да гэтага дадаюцца і асабістыя інтарэсы — чым меней пойдзе грошай на перапіс зь дзяржаўнай скарбонкі, тым большая верагоднасьць прэміяў чынавенству за эканомію.
А вось, чаму Ўсясьветны банк дарыць на перапіс амаль два мільёны даляраў, пытаньне цікавае. Прасьцей за ўсё палічыць, што для такога фінансавага гіганта пара мільёнаў — капейкі. Так, Усясьветны банк — арганізацыя ня бедная. Але, як вучыць жыцьцё, багатыя таму становяцца багатымі, што грошай на вецер не кідаюць.
Тады ў чым палягае дабрачыннасьць Усясьветнага банку? Рызыкну выказаць здагадку, фінансавы магнат працуе ў сваіх уласных інтарэсах. А яны наступныя. Усясьветны банк і іншыя падобныя структуры жывуць ня толькі сёньняшнім днём. У іх існуюць свае пляны: на год, 3, 5, 10...
Апошні перапіс у Беларусі праводзіўся 10 гадоў таму. І калі параўноўваць тыя зьвесткі зь сёньняшнімі, то яны, безумоўна, састарэлі. А банку трэба ведаць сучасныя, а не 10-гадовай даўнасьці, рэаліі. Бо новая статыстыка дае і больш аб’ектыўную карціну. А яе трэба ведаць, каб падпісваць новыя дамовы, вызначаць новыя сфэры ўкладаньня грошай.
Калі зьвярнуцца да папярэдняга перапісу, які адбыўся ў 2009 годзе, то ён паказаў шмат дзіўнага, нават нечаканага. Напрыклад, на той час кожны чацьвёрты беларус ня меў каналізацыі, амаль у траціны насельніцтва не было душу альбо ванны. Аж 38,7% жыхароў ня мелі цэнтральнага ацяпленьня, а 44,3% — цэнтралізаванай гарачай вады.
Ведаючы гэта, разумееш, чаму сярод апошніх праектаў для Беларусі Усясьветнага банку і яшчэ аднаго фінансавага гіганта — Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця — так шмат зьвязаных з водазабесьпячэньнем праектаў.
Для Ўсясьветнага банку цяпер найбольш пэрспэктыўны і значны праект — «Мэты ўстойлівага разьвіцьця». А яго немагчыма зрабіць эфэктыўным, ня ведаючы цэлага шэрагу колькасных і якасных паказьнікаў. Перапіс назаве новыя і вызначальныя для плянаваньня і ўкладаньня сродкаў сфэры. Наколькі, напрыклад, неабходна фінансаваць праграмы энэргазабесьпячэньня, будаўніцтва новых дарог, паляпшэньня інфраструктуры памежных зонаў. Ад таго, якую колькасьць беларусаў ахопліваюць праграмы, будзе вызначацца і бюджэт новых праектаў. Банку гэта цікава, паколькі час ад часу ён выдае вялікія так званыя краінавыя справаздачы, дзе фіксуюцца шматлікія статыстычныя зьвесткі.
Усясьветны банк, як і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, апошнія некалькі гадоў наагул істотна павялічылі свае ўкладаньні ў Беларусь. Асноўных прычын для гэтага дзьве.
Па-першае, у абодвух банкаў засталіся нерэалізаванымі істотныя сумы, пасьля таго як увялі санкцыі супраць Расеі за яе крымскія і данбаскія авантуры.
Па-другое, падабаецца камусьці гэта альбо не, але ж трэба прызнаць, што заходнія банкі зьмянілі агульную стратэгію ў дачыненьні Беларусі. Калі раней яны ігнаравалі дзяржаўныя запатрабаваньні і дзяржаўныя суб’екты гаспадараньня, то цяпер прызналі — паляпшэньне інфраструктуры ідзе на карысьць ня толькі рэжыму, але і ўсім людзям. Адсюль і павелічэньне грантаў для Беларусі ў межах праграмы «Ўсходняе партнэрства». Менавіта тых, якія непасрэдна не зьяўляюцца камэрцыйнымі і разьлічаныя на шмат гадоў. І на якія беларускія ўлады ня маюць грошай.
Невыпадкова кіраўнікоў прадстаўніцтваў абодвух банкаў у Беларусі прымаў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ключавымі праектамі на такіх сустрэчах называліся тыя, якія зьвязаныя з мадэрнізацыяй інфраструктуры, прыцягненьнем стратэгічных інвэстараў на беларускія прадпрыемствы рэальнага сэктару і ў дзяржаўныя банкі, удасканаленьнем сыстэмы кіраваньня.
Праблемы гэтыя беларускім уладам добра вядомыя. Але ж грошай на іх вырашэньне не хапае. Новыя зьвесткі з усебеларускага перапісу стануць для іх падставай для просьбаў аб новых замежных фінансавых уліваньнях.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.