4 кастрычніка стартуе перапіс насельніцтва. Аднак у ім ня змогуць удзельнічаць тыя грамадзяне Беларусі, хто апошні год ня жыў у краіне. А вось іншаземцы, якія тут нават транзытам, будуць перапісаныя.
Згодна зь пералікам на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту, перапісу падлягаюць наступныя катэгорыі:
- Грамадзяне Рэспублікі Беларусь.
- Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь.
- Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, але на дату перапісу часова знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў (тэрмін адсутнасьці не перавышае аднаго году).
Па адзіным нумары для пытаньняў аб перапісе насельніцтва, пададзеным на сайце Белстату, Свабодзе пацьвердзілі, што «ўсё так і ёсьць».
«Сапраўды, калі грамадзяне Беларусі не знаходзяцца на тэрыторыі краіны больш за 1 год, яны ў перапісе ня ўлічваюцца. 11 месяцаў і 29 дзён — яшчэ так, а ўжо далей — не», — сказалі ў ведамстве.
На пытаньне, ці трэба такім людзям зьвяртацца ў беларускую амбасаду ў той ці іншай краіне, на тым канцы адказалі, што «ня трэба». Заўвага, што трэці пункт супярэчыць першаму — калі перапісу падлягаюць «грамадзяне Рэспублікі Беларусь» і няма ніякіх агаворак, то, трэба разумець, маюцца на ўвазе ўсе грамадзяне — засталася без камэнтара.
Перапіс «не для ўсіх»
Яшчэ да таго, як кампанія стартавала, некаторыя назвалі яе «дыскрымінацыйнай».
Так, былы дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Сяргей Навумчык, які ў сілу абставінаў ад 1996 году не жыве стала ў Беларусі, адзначае, што «ўмоўныя грамадзяне Нэпалу ці Ямайкі, якія ня маюць адначасна беларускага грамадзянства, нават калі яны тут транзытам, прыраўноўваюцца да грамадзянаў Беларусі і падлягаюць перапісу».
«Вынікае, што грамадзяне Беларусі, якія пастаянна не пражывалі ў краіне апошні год, перапісу не падлягаюць. Іх папросту няма! У ніводнай краіне, акрамя як у лукашэнкаўскай Беларусі, грамадзянін гэтай краіны ня мае менш правоў, чым неграмадзянін. Незалежна ад таго, жыве ён у сталіцы ці ў замежжы, хоць бы і 40 гадоў. І гэта самая што ні ёсьць дыскрымінацыя», — працягвае Сяргей Навумчык.
Паводле Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», за мяжой жыве звыш 3,5 мільёна этнічных беларусаў і дзейнічае блізу дзьвюх сотняў грамадзкіх абʼяднаньняў. Збольшага яны маюць пашпарты іншых дзяржаў і ў перапісе адлюстраваныя ня будуць.
Сама меней у паўтара мільёна ацэньваецца працоўная міграцыя — перадусім у Расею, Польшчу, Літву. Звычайна такія людзі не затрымліваюцца за мяжой больш як на год і, хутчэй за ўсё, у сьпісы Белстату трапяць.
Распаўсюджаная жыцьцёвая сытуацыя — людзі выяжджаюць за мяжу на вучобу, падарожнічаюць ці застаюцца жыць у іншай краіне, але захоўваюць беларускі пашпарт. Калі яны не вярталіся ў Беларусь апошні год, перапіс іх улічваць адмаўляецца.
Яшчэ адна катэгорыя такіх грамадзян — палітычныя ўцекачы. Так, Зьміцер Бандарэнка ў прэзыдэнцкую кампанію 2010 году ўваходзіў у штаб кандыдата Андрэя Саньнікава, быў асуджаны на два гады турмы за нібыта арганізацыю «масавых беспарадкаў». Неўзабаве пасьля вызваленьня зьехаў у Польшчу і апошнія сем гадоў жыве ў Варшаве. Хоць мае на руках пашпарт грамадзяніна Беларусі, выглядае, што ў выніках перапісу зьвестак пра яго ня будзе.
«Я ў любым выпадку ня буду браць удзел у перапісе, — кажа Зьміцер Бандарэнка. — І як яны там зьбіраюцца лічыць, мне, па вялікім рахунку, усё роўна. Але гэта ня 100 і ня 200 чалавек, а сама меней 1,5 мільёна актыўных, сьвядомых людзей. Асабіста я застаюся патрыётам Беларусі і буду прыкладаць намаганьні, каб мая радзіма стала нармальнай краінай, часткай Эўрапейскага Зьвязу. Ня трэба рабіць з Лукашэнкі вобраз чалавека, якога хвалюе лёс ягонага народу. Гэта даўно расейская марыянэтка з усімі наступствамі — магу ўжыць толькі такія просталінейныя фармулёўкі».
У Дэпартамэнце па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі сказалі, што не валодаюць лічбамі беларусаў, якія з розных прычын затрымаліся за мяжой, бо звычайна такія людзі выяжджаюць самастойна і статыстыкай ня ўлічваюцца.
З гісторыі беларускіх перапісаў
Першы афіцыйны перапіс насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адбыўся ў 1897 годзе, калі «Северо-Западный край» уваходзіў у склад Расейскай імпэрыі.
Пасьля далучэньня Беларусі да Савецкага Саюзу перапісы праводзіліся ў 1926, 1937, 1939 гадах. Ад 1959-га такія кампаніі ладзяцца раз на 10 гадоў.
Апошні перапіс праводзіўся ў кастрычніку 2009 году. Згодна зь яго вынікамі, у краіне пражывалі 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек, беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці).
Тады беларускую мову назвалі роднай 53,2% насельніцтва краіны, дома на ёй гаварылі ўсяго 23%. У часе папярэдняга перапісу 1999 году сытуацыя выглядала нашмат лепш: беларуская была роднай для 73,6% жыхароў.