4 кастрычніка ў Беларусі стартуе кампанія перапісу насельніцтва. Сярод іншага грамадзянам краіны будзе прапанавана адказаць на два моўныя пытаньні: пра родную мову і мову, на якой размаўляюць дома. Перад яе пачаткам у сацыяльных сетках узьнікала традыцыйная спрэчка: ці сумленна «запісвацца ў беларускамоўныя», калі размаўляеш па-расейску?
Мана дзеля «сьвятой справы»?
Нагоду да моўнага канфлікту падкінуў адзін зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. У допісе на сацыяльных сетках ён нагадаў, што падчас мінулых перапісаў 1989, 1999 і 2009 гадоў колькасьць тых, хто пазначыў роднай беларускую мову, і тых, хто карыстаецца ёю дома, зьніжалася на 1% штогод, агулам на 10% за дзесяцігодзьдзе.
Ці гэта тэндэнцыя ва ўмовах «паўзучай русыфікацыі», ці палітычнае пытаньне ўзамен на танныя энэргарэсурсы, стане вядома толькі пасьля падзеньня «гнілой сыстэмы», адзначае палітык. Але, на ягонае перакананьне, чым больш людзей назаве беларускую роднай і прынцыпова пазначыць яе ж як хатнюю мову, тым больш шанцаў для «нашай агульнай незалежнасьці». І заклікаў суайчыньнікаў рашуча адказаць: «Родная — беларуская, дома — беларуская!»
Аднак некаторыя такія аргумэнты параўналі са спробай схлусіць пра тое, чаго папраўдзе няма. Так, сьвятар Аляксандар Шрамко, выведзены за штат за крытыку царкоўных уладаў, абвінаваціў апанэнта ў «нестыкоўцы хрысьціянскай маралі».
«Павал Севярынец заклікае падчас перапісу пазначаць роднай мовай і мовай хатняга карыстаньня беларускую. Я так разумею, гэта заклік менавіта да тых, у каго гэта на самой справе ня так. І як гэта з пункту гледжаньня хрысьціянскай маралі, за якую так стаіць Павал? Ці для „сьвятой справы“ можна і схлусіць?», — задаўся ён пытаньнем.
«Шкала „праўда-хлусьня“ зусім недарэчная»
Мовазнаўца Вінцук Вячорка адзначае ўнікальнасьць беларускай сытуацыі, калі пры блізкароднасным двумоўі ды разнастайных формах зьмешанага маўленьня няма абсалютна ясных крытэраў вызначэньня, на якой мове гаворыць чалавек, дзе заканчваецца адна і пачынаецца другая.
«У нас няма эстонскай сытуацыі, дзе памыліцца немагчыма, — кажа ён. — Моўныя пытаньні перапісу сьвядома і маніпуляцыйна ігнаруюць вельмі няпростую моўную сытуацыю Беларусі (параўнайма іх зь перапісамі, скажам, у Швайцарыі ці Ўэльсе). Таму кожны чалавек мае права адказваць на іх так, як ён сам адчувае сваю моўную ідэнтычнасьць. Увядзеньне тут шкалы „праўда-хлусьня“ зусім недарэчнае».
Моўны разьдзел перапісу-2019 зьмяшчае два пытаньні:
- ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве);
- мова, на якой вы размаўляеце дома;
І варыянты адказаў: беларуская, расейская, польская, украінская або нейкая іншая.
На падставе атрыманых зьвестак будзе ня толькі абноўленая статыстыка на наступнае дзесяцігодзьдзе, а і зьявіцца нагода патрабаваць большай увагі да мовы тытульнай нацыі: групы ў садках, клясы ў школах, нацыянальны ўнівэрсытэт, абвесткі ў транспарце і г.д. Гэта пры ўмове, што доля беларускамоўных ня будзе ў меншасьці.
«Фармулёўкі апытаньня не зусім карэктныя»
Кандыдат філялягічных навук Пётра Садоўскі і падчас ранейшых кампаній зьвяртаў увагу, што фармулёўкі апытаньня не зусім карэктныя. Для пачатку, на яго думку, трэба было б вызначыць, каб падчас агульнанацыянальнага перапісу «хадакі» ў абавязковым парадку зьвярталіся да рэспандэнтаў па-беларуску. Таксама, лічыць ён, неабходна дадаць пытаньне пра самаідэнтыфікацыю і адкарэктаваць занадта прамалінейнае пытаньне мовы хатняга ўжытку.
«У нас масавая зьява, калі людзі сябе ідэнтыфікуюць як беларусы ўжо ў сталым узросьце, таму пажадана ўвесьці такі пункт: мова актуальнай самаідэнтыфікацыі на момант правядзеньня перапісу. То бок каб чалавек адказаў на пытаньне, кім ён сам сябе лічыць. Гэта першае. Па-другое, многія маладыя людзі дома размаўляюць з бацькамі па-расейску, каб не ствараць атмасфэру адчужэньня. Але ў аўтобусе, кавярні, на працы, зь сябрамі гавораць па-беларуску. Так што пытаньне сфармулявана не зусім карэктна», — падсумоўвае мовазнаўца.
«Усё робіцца, каб выціснуць родную мову з ужытку»
Для Алены Анісім, дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў і старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, у моўным пытаньні альтэрнатывы няма.
«Я падтрымліваю Паўла Севярынца ў тым, што трэба максымальна пазначаць беларускую мову як родную — і якую з маленства ведаеш, і якой карыстаесься ў побыце, — лічыць яна. — І дзеля таго, каб падтрымаць, і дзеля таго, каб абазначыць, што яна ня страціла пазыцый у грамадзтве. Так, на сёньняшні дзень сытуацыя ня вельмі добрая, але калі не рабіць ніякіх крокаў да паляпшэньня, то будзе яшчэ горш. Якая тут здрада ці хлусьня?»
Сапраўднай здрадай спадарыня Анісім лічыць тое, што ў вёсках, галоўным асяродку беларускасьці, паступова зьнікаюць ці закрываюцца беларускія школы; у раёнах і абласных гарадах ня хочуць ствараць нават «гета» ў выглядзе асобных клясаў; за гады незалежнасьці так і не зьявілася дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова. «Усё робіцца, каб выціснуць родную мову з ужытку», — канстатуе яна. І каб падчас перапісу грамадзтва прадэманстравала сваю адданасьць беларускай мове, гэта засьведчыла б жаданьне беларусаў «людзьмі звацца». Так зрабіў бы любы народ, перакананая Алена Анісім.
«Здрада роднай мове — гэта ўжо ў крыві»
А вось яе калега, старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка, не прыхільнік таго, каб галасаваць за мову толькі дзеля таго, каб палепшыць статыстыку. Маўляў, запісаў, а сьледам забыўся, што нібыта «беларускамоўны».
«Наўрад ці па выніках будзе рост беларускамоўных, хутчэй наадварот, — тлумачыць ён. — І, калі адкінуць надзённыя патрэбы, проста цікава было б паглядзець, колькі сапраўды людзей шчыра адносяць сябе да моўных носьбітаў — без заклікаў быць такімі для масавасьці. Бальшыні проста ўсё роўна, людзі папросту страцілі сваю ідэнтычнасьць. Прыйшлі адны захопнікі — загаварылі па-іхнаму, другія — аналягічна. Здрада роднай мове — гэта ўжо ў крыві. Ясна, што не ад добрага жыцьця, але тым ня меней...»
А як на папярэдніх перапісах
Першы афіцыйны перапіс насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адбыўся ў 1897 годзе, калі «Северо-Западный край» уваходзіў у склад Расейскай імпэрыі.
Пасьля далучэньня Беларусі да Савецкага Саюзу перапісы праводзіліся ў 1926, 1937, 1939 гадах. Ад 1959-га такія кампаніі ладзяцца раз на 10 гадоў.
Апошні перапіс праводзіўся ў кастрычніку 2009 году. Згодна зь яго вынікамі, у краіне пражывалі 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек, беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці).
Тады беларускую мову назвалі роднай 53,2% насельніцтва краіны, дома на ёй гаварылі ўсяго 23%. У часе папярэдняга перапісу 1999 году сытуацыя выглядала нашмат лепш: беларуская была роднай для 73,6% жыхароў.