Суд у Тэгеране прысудзіў сьмяротнае пакараньне грамадзяніну Ірану, якога прызналі вінаватым у шпіянажы на карысьць амэрыканскай выведкі, расказвае «Голас Амэрыкі». Паведамленьні пра гэта зьявіліся 1 кастрычніка на тле росту напружанасьці між ЗША і Іранам.
Прадстаўнік суду расказаў пра «шпіёнскія» прысуды яшчэ тром грамадзянам Ірану: два чалавекі былі асуджаныя праз такое ж абвінавачаньне да 10 гадоў зьняволеньне і штрафу 55 тысяч даляраў (якія яны нібыта атрымалі ад ЦРУ), а чацьвёрты атрымаў 10 гадоў турмы за шпіянаж на карысьць Вялікай Брытаніі.
Асуджаны на сьмерць, сьцьвярджае суд, падаў прашэньне аб пераглядзе прысуду. Фінальнае рашэньне мае вынесьці апэляцыйны суд Ірану.
Прадстаўнікі ЗША пакуль не пракамэнтавалі прысудаў, анансаваных у аўторак.
Тэгеран адмовіўся раскрыць асобу магчымага шпіёна, асуджанага на сьмерць, але назваў імёны дваіх асуджаных нібыта за працу на выведку. На гэты момант невядома, ці зьвязаныя гэтыя прысуды зь ліпеньскай іранскай заявай аб затрыманьні 17 шпіёнаў, якія нібыта працавалі на выведку Злучаных Штатаў.
Напружанасьць між ЗША і Іранам стала ўзмацняцца пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вывеў ЗША зь міжнароднага пагадненьня 2015 году, датычнага іранскай ядзернай праграмы. Трамп таксама аднавіў палітыку эканамічных санкцый супраць Ірану, спрабуючы прымусіць Тэгеран перагледзець умовы ядзернай угоды.
Прадстаўнік уладаў таксама абвясьціў аб рашэньні апэляцыйнага суду скараціць турэмны тэрмін брату іранскага прэзыдэнта Хасана Рухані, абвінавачанаму ў хабарніцтве. Тэрмін Хасейна Фэрэйдуна быў паменшаны з 7 да 5 гадоў.