Бі-бі-сі паведамляе, што ЗША знайшлі месцы ў Іране, зь якіх у суботу былі запушчаны бесьпілётныя дроны і крылатыя ракеты супраць нафтавых аб’ектаў Саудаўскай Арабіі.
Афіцыйныя асобы з ураду ЗША распавялі CBS News, што месцы запуску знаходзяцца на поўдні Ірана — на паўночным канцы затокі.
Супрацьпаветраная абарона Саудаўскай Арабіі ня здолела спыніць бесьпілётныя дроны і ракеты, паколькі зброя была накіравана на поўдзень з мэтаю прадухіліць магчымыя напады з боку Емэна, дзе зараз адбываецца грамадзянская вайна з удзелам Саудаўскай Арабіі — дадалі чыноўнікі.
Іран адмаўляе сваё дачыненьне да гэтых нападаў.
Паўстанцы хусіты, якія атрымліваюць вайсковую падтрымку ад Ірана, заявілі, што гэта яны запусьцілі бесьпілётнікі, якія нанесьлі ўдары па найбуйнейшай у сьвеце нафтаперапрацоўчай фабрыцы ў мястэчку Абкайк і па нафтаваму радовішчу ў Хурайсе.
Яны і раней нападалі на нафтавыя абʼекты Саудаўскай Арабіі, але ў нядзелю афіцыйныя асобы ЗША заявілі, што менавіта гэтыя бесьпілётнікі і ракеты ляцелі не з поўдня ці паўднёвага захаду, а з поўначы ці паўночнага захаду (з боку Ірана).