У Беларусі правялі конкурс на помнік Глебу Менскаму, аднак яго дагэтуль не паставілі. Чаму?
Помнік Глебу Менскаму плянавалася ўстанавіць у 2019 годзе, бо сёлета спаўняецца 900 гадоў з дня сьмерці князя. Конкурс у 2018 годзе вызначыў пераможцу на стварэньне помніка князю Глебу — калектыў скульптараў Мікалая Байрачнага (аўтар «Каровы» каля Камароўкі) і Алега Купрыянава (аўтар «Бабы Раі» каля Камароўкі) і архітэктара Анатоля Сярэдзіча.
Паводле тагачаснага кіраўніка камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Паўла Лучыновіча, журы конкурсу на стварэньне помніка аднагалосна вырашыла, што ён павінен разьмясьціцца ў Верхнім горадзе на высокім месцы насупраць катэдральнага сабора.
Аднак помнік у Менску так і не зьявіўся.
«На гэтым спрэчным пытаньні ўсё і павісла»
У камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму пацьвердзілі, што конкурс на помнік Глебу Менскаму праведзены, вызначаны пераможца.
«Пытаньне, відаць, у фінансаваньні. Трэба зьвяртацца да кіраўніцтва гораду», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў камітэце.
Ва ўпраўленьні культуры Менгарвыканкаму сказалі, што ініцыятарам помніка быў старшыня Саюзу мастакоў Рыгор Сітніца.
«Саюз мастакоў прапанаваў канкрэтны помнік, канкрэтнага аўтара. Потым Міністэрства культуры сказала, каб гэта быў конкурс. Але Саюз мастакоў ня згодны, таму ўсе пытаньні туды. На гэтым спрэчным пытаньні ўсё і павісла. Гэта не пытаньне зь фінансаваньнем», — сказалі Свабодзе ва ўпраўленьні культуры.
Адзін з аўтараў апратэставаў вынікі конкурсу
Рыгор Сітніца ў інтэрвію Свабодзе сказаў, што адзін з аўтараў, які быў відавочным лідэрам на першым этапе, «абсалютна законна» апратэставаў вынікі конкурсу. І яму адказалі ў Менгарвыканкаме, што, калі дойдзе да рэалізацыі праекту, то «будзе праведзены яшчэ чарговы тур, дзе разгледзяць і ягоныя прапановы».
«Атрымалася так, што раптам журы абвясьціла другі этап конкурсу для тых, хто браў удзел у першым этапе, каб зрабіць больш канкрэтную прывязку да мясцовасьці. І раптам на другім этапе зьяўляюцца два новыя ўдзельнікі, якія не павінны былі б разглядацца, бо гэта відавочнае парушэньне рэглямэнту. Тым больш што тыя праекты былі ў адкрытым доступе і можна было іх пабачыць, у тым ліку і канкурэнтам. Што і адбылося. І раптам адзін з новых удзельнікаў перамог. Але мы паглядзелі, што на той час прафэсійных скульптараў у журы было ўсяго два, а архітэктараў ажно 7. І фактычна прагаласавалі архітэктары за свайго ж архітэктара, які быў у складзе аўтараў», — сказаў Рыгор Сітніца.
Але цяпер, паводле Рыгора Сітніцы, пытаньне да гарадзкіх уладаў, калі яны будуць рэалізоўваць гэты праект.
«Але гэта не адзіны выпадак, калі пасьля конкурсу не адбылася рэалізацыя праекту. Гэта ўжо залежыць ад фінансаваньня, гэта ўжо не да нас пытаньне», — сказаў старшыня Саюзу мастакоў.
«Гэта садова-паркавая штука ў стылі ракако»
Рыгор Сітніца сказаў, што тры гады прасоўваў сваю ідэю паставіць помнік Глебу Менскаму. І калі яго папрасілі даць прапановы, то ён «прапанаваў чалавека, які ў тэме».
«Калі мы ставілі Альгерда ў Віцебску, то гэта, магчыма, было больш палітычнае рашэньне, бо вельмі трэба было, каб гэты князь там паўстаў. Але Альгерд ня можа быць вылеплены ў барочнай стылістыцы ці ў стылістыцы ракако. Усё ж такі гэта ХІV стагодзьдзе. А Глеб Менскі тым болей, гэта паміж ХІ і ХІІ стагодзьдзямі, таму і адпаведны і стыль мусіць быць. Таму, я лічу, добра, што той помнік не паўстаў, лепш пазьней. Бо той, які перамог, гэта садова-паркавая штука ў стылі ракако. Я не кажу, што яно кепска зроблена. Але яно ня можа быць такім. Адзінаццатае стагодзьдзе можа быць адзінаццатым, а не ракако», — сказаў Рыгор Сітніца.
Паводле Рыгора Сітніцы, помнік першаму летапіснаму князю Глебу Менскаму павінен быць.
«900 гадоў гісторыі гораду нічым не падкрэсьлена. Таму і пытаньне было да гарадзкіх уладаў, вы сьвяткуеце юбілеі гораду, а чым мы можам даказаць, што нам столькі гадоў? Таму было прапанавана зрабіць гэты помнік. Але рэалізацыя павінна адбыцца на належным мастацкім узроўні. Каб гэта была не глямурная садова-паркавая скульптурка, а на ўзроўні знакавым, як гэта ёсьць у Санкт-Пецярбургу ці Маскве (помнік Юрыю Даўгарукаму), каб гэта было сымбалем, знакам гораду. На сёньня такога знака няма».