Менгарвыканкам адмовіўся ўсталяваць раней узгодненую мэмарыяльную дошку на доме, дзе 100 гадоў таму была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Адказ на свой зварот ад намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Арцёма Цурана перадаў у рэдакцыю Свабоды старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў.
Усталёўваць шыльду ўлады палічылі немэтазгодным «на дадзены момант».
Чаму наконт «дошкі БНР» пішуць звароты?
- У верасьні выканкам напісаў, што павесіць дошку перашкаджае «шэраг зваротаў ад грамадзян».
- Пасьля гэтага пэтыцыю за ўсталяваньне дошкі падпісалі больш за 3000 чалавек.
- Журналіст Севярын Квяткоўскі папрасіў удакладніць, хто менавіта напісаў звароты супраць усталяваньня і колькі іх было. Выканкам адказаў, што гэта канфідэнцыйная інфармацыя.
- Блогер Максім Ляшко двойчы прасіў Менгарвыканкам адказаць, колькі зваротаў было за ўсталяваньне дошкі, а колькі супраць. Выканкам адказаў пра больш як 3000 подпісаў «наконт памятнай дошкі», колькі за, а колькі супраць — не ўдакладняецца. Падобны адказ атрымаў арганізатар Дня Волі і бізнэсовец Павал Белавус.
Што важна ведаць пра «дошку БНР»
У сакавіку 2018 году кіраўніцтва Менгарвыканкаму дазволіла ўсталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
- Шыльду зрабілі з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Надпіс на новай дошцы зроблены афіцыйным правапісам; такое было патрабаваньне ўладаў.
- Грошы на новую шыльду сабралі талакой усяго за тры гадзіны.
- Дошку плянавалі ўсталяваць напярэдадні 23 сакавіка, але не ўсталявалі цягам наступнага году.
- 941 подпіс сабрала летась пэтыцыя за ўсталяваньне памятных знакаў на будынках зьвязаных з гісторыяй БНР.
- Ініцыятар усталяваньня «дошкі БНР», старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў, што больш займацца дошкай ня будзе, бо «ёсьць іншыя арганізацыі, каб падымаць гэтае пытаньне».