Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка нагадаў Расеі пра шкоду ад Чарнобылю і папрасіў дапамагчы газам

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, здымак 3 верасьня
Аляксандар Лукашэнка, здымак 3 верасьня

Аляксандар Лукашэнка 6 верасьня заявіў, што Менск шукае альтэрнатыву расейскай нафце, і папрасіў усходніх суседзяў дапамагчы газам. Кіраўніка дзяржавы цытуе ягоная прэс-служба.

Папрасіў зьніжку на газ за Чарнобыль

Згадваючы беларуска-расейскую праграму па інтэграцыі, Аляксандар Лукашэнка нагадаў Расеі пра чарнобыльскую катастрофу і папрасіў за гэта зьніжку на газ.

«Мы што, будавалі гэтую станцыю? Не. Мы яе ўзрывалі? Не. А хто пацярпеў больш? Мы. Тады цэнтралізаваная ўлада ў асобе Міхаіла Гарбачова ўзяла на сябе адказнасьць за Беларусь. Часам грошы ўкладвалі ў такую „дурніну“, што і ня трэба было ўкладваць. Але як разумелі, так і ратавалі Беларусь. Краіна развалілася. Хто правапераемнік? Яны заўжды кажуць — улады Расеі: „Мы правапераемнікі Савецкага Саюзу“», — сказаў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, на падставе гэтай пераемнасьці Беларусь задарма перадала Расеі ядзерную зброю і праводзіла палітыку «адзінай Айчыны».

«Але Чарнобыль прайшоў. Правапераемнікі. Траціна насельніцтва (Беларусі. — прэс-служба Лукашэнкі), мы там дагэтуль драўніну ня можам выкарыстоўваць, бо высокае назапашваньне радыяцыі. Але ты хаця б за гэта (мы ня просім грошай, нічога) дапамажы — мільярдаў 10–15 кубамэтраў газу па прымальных цэнах. Не задарма, не на шкоду Газпрому, пастаў у Беларусь. Людзі ж пацярпелі. І як пераемнікі. Гэта я адзін факт прывёў», — сказаў Лукашэнка. І дадаў: «І калі нам кажуць: ды вы тут гіры на нагах, за наш кошт жывяце... Ёсьць такая палітыка, абыдземся».

Прапанаваў загрузіць расейскі трубаправод польскай нафтай

Лукашэнка згадаў дзеяньні Расеі па будаўніцтве Паўднёвага і Паўночнага патокаў для транспартаваньня прыроднага газу. Паводле Лукашэнкі, прэзыдэнт Расеі ўклаў мільярды даляраў, каб пабудаваць гэтыя патокі.

«Ім надакучыла спрачацца з транзытэрамі. Я яму сказаў: мы гэтак жа ганарыста возьмем з рынку і іншую нафту. Але толькі ці трэба гэта Расеі, каб на іх рынак прыйшло 20–25 мільёнаў тон чужой нафты — амэрыканскай, Саудаўскай Арабіі, яшчэ нечай? Азэрбайджанская нафта — праз Украіну ў нас на Мазыр прапрацаваны гэты маршрут», — сказаў Лукашэнка.

«Паўночны маршрут мы прапрацоўваем. Я прама сказаў расейскім уладам. І праз Польшчу, праз Прыбалтыку. Напрацоўкі ёсьць. Але калі мы праз Польшчу пачнём пастаўляць нафту, то мы забяром дзьве ніткі нафтаправоду „Дружба“, па якім на экспарт ідзе расейская нафта. Гэта трэба расейцам? Не. Ну дык давайце дамаўляцца па-чалавечаму і будзем рабіць, як лепш. Вось гэта мае патрабаваньні», — сказаў Лукашэнка.

«Ня трэба казаць, што Лукашэнка разьвярнуўся на Захад. Слухайце, вось як мінімум мяне асабіста на Захадзе ніхто не чакае. Я ў гэтым на 100% перакананы. Не патрэбны там Лукашэнка. Ён увогуле і ў Расеі ня надта патрэбны. Проста народы ў нас братэрскія. Таму і даводзіцца лічыцца», — дадаў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG