Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра падатковы манэўр: «Ня будзем на каленях поўзаць перад старэйшым братам» 


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін гуляюць у хакей, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін гуляюць у хакей, архіўнае фота

Беларусь і Расея вернуцца да пытаньня пра кампэнсацыю за падатковы манэўр у нафтавай сфэры, запэўніў Аляксандар Лукашэнка ў часе сустрэчы з кіраўніком Дзяржаўнага мытнага камітэту Юрыем Сянько.

Як цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба, падатковы манэўр Расеі прывёў да зьмяншэньня паступленьняў ад вывазнога мыта за нафтапрадукты. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся, якія крокі робіць мытны камітэт для кампэнсацыі стратаў.

«Ня будзем жа мы пастаянна на каленях поўзаць перад сваім старэйшым братам і вымольваць нейкія крыхі, — сказаў ён. — Мы павінны самі будаваць тут палітыку з усімі наступствамі. Гэта мы з прэзыдэнтам Расеі неаднойчы абмяркоўвалі, думаю, неўзабаве, зацьвярджаючы праграму сумесных дзеяньняў, давядзецца вярнуцца да гэтага пытаньня».

Юры Сянько праінфармаваў, што мытная служба ў цэлым выконвае задачы ў справе напаўненьня бюджэту. Так, за студзень–жнівень паступіла амаль 6 млрд рублёў, якія кантралююцца камітэтам. Гэта крыху меней, чым за такі ж леташні пэрыяд, і адна з прычын — акурат падатковы манэўр у нафтавай галіне.

Чакаецца, што да канца году ў бюджэт паступіць 8,7 млрд рублёў, або плюс 3,9% да ўзроўню 2018-га.

Страты Беларусі ад падатковага манэўру Сянько ацаніў у 520 млн рублёў з пачатку 2019 году.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG