16 верасьня спаўняецца 20 гадоў зь дня гвалтоўнага зьнікненьня палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. У гэты дзень у Эйндховэне ў Нідэрляндах адбудзецца цырымонія ўшанаваньня памяці гвалтоўна зьніклых беларусаў.
Пра гэта паведаміла Свабодзе дачка зьніклага Анатоля Красоўскага Валерыя, якая жыве ў Нідэрляндах. На ініцыятыву Валерыі 11 гадоў таму быў створаны жывы мэмарыял і штогод адбываюцца мэмарыяльныя імпрэзы.
Сёлетняя цырымонія традыцыйна пройдзе ў мэмарыялу «Чатыры дрэвы». Чатыры дрэвы былі пасаджаны ў памяць аб гвалтоўна зьніклых Юрыю Захаранку, Віктару Ганчару, Анатолю Красоўскім, Зьмітру Завадзкім у 2008 годзе. У той час Эйндховэн яшчэ быў горадам-пабрацімам Менску.
Валерыя Красоўская адкрые цырымонію. C прамовай выступяць Крысьці Мідэм (Міжнародная Амністыя), Ар’ен ван Халем (Фэдэрацыя Нідэрляндскіх прафсаюзаў), Мары-Эн Схрэўрс (прадстаўніца гарадзкіх уладаў Эйндховэна). Паэтка Джэсіка Бартэлс і паэт Леа Месман прачытаюць свае вершы, якія яны напісалі адмыслова да гэтай трагічнай даты.
Пасьля цырымоніі адбудзецца прэзэнтацыя фотакнігі «Чатыры дрэвы». У кнізе сабраны фатаграфіі, зробленыя ў Эйндховэне 16 верасьня падчас цырымоніі ўшанаваньня памяці зьніклых беларусаў у 2008-2018 гадах.
Як адзначае Валерыя Красоўская, цырымонія памяці мерапрыемства арганізаванае Міжнароднай Амністыяй, Фэдэрацыяй Нідэрляндскіх прафсаюзаў і грамадзянскай ініцыятывай «Мы памятаем».