16 верасьня 1999 году ў Менску пры нявысьветленых абставінах зьніклі апазыцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.
Актывісты АГП штогод прыходзяць у гэты дзень з кветкамі да месца іх зьнікненьня — лазьні на вуліцы Фабрычнай.
Увечары 16 верасьня 1999 году Віктар Ганчар і яго сябар Анатоль Красоўскі прыехалі ў менскую лазьню на вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22:35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў «Джып-Чэрокі» Красоўскага.
Потым на месцы гвалтоўнага выкраданьня былі знойдзеныя сьляды крыві Віктара Ганчара, аскепкі шкла і задняга ліхтара аўтамабіля.
Сьведкі распавядалі, што напярэдадні бачылі чырвоны «БМВ», у якім сядзелі тры чалавекі; працаўніца лазьні чула крыкі, шум, мужчынскія галасы.
Крымінальную справу па факце зьнікненьня Ганчара і Красоўскага пачала пракуратура Менску. Аналіз сабраных у справе доказаў, у тым ліку паказаньняў сьведак, дае падставу меркаваць, што Ганчара і Красоўскага гвалтоўна выкралі невядомыя асобы.
5 сьнежня 2002 году суд Савецкага раёну Менску прызнаў Віктара Ганчара зьніклым бязь вестак. У студзені 2003-га сталічная пракуратура прыпыніла расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
21 лістапада 2000 году начальнік упраўленьня крымінальнай міліцыі МУС генэрал-маёр Мікалай Лапацік у рапарце на імя міністра Навумава апісаў падрабязнасьці выкраданьня Ганчара, Красоўскага, а таксама былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі групай спэцназу на чале з камандзерам часткі № 3214 Паўлічэнкам. Ён нават пазначыў месца пахаваньня — спэцыяльны ўчастак на Паўночных могілках. Пісаў рапарт і тагачасны начальнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў — наконт «расстрэльнага пісталета», які выдаваўся напярэдадні зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.
І праз 19 гадоў справы зьнікненьня Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага не раскрытыя.
Грамадзкасьць, сваякі зьніклых, міжнародная супольнасьць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя з палітычных матываў, і падазраюць, што да іх выкраданьня маюць дачыненьне найвышэйшыя службовыя асобы краіны.
Жонка Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар жыве і працуе ў Менску, у апошнія гады яна не камэнтуе справу свайго мужа.
На думку прадстаўнікоў апазыцыі і праваабаронцаў, рэальнае расьсьледаваньне гэтых гучных зьнікненьняў можа аднавіцца толькі ў выпадку зьмены ўлады. У справаў зьнікненьня людзей няма тэрміну даўніны, лічаць праваабаронцы і палітыкі.