На лёгкаатлетычным матчы Эўропа — ЗША 9 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «праз два гады Мінск стане сталіцай ЗША». У Злучаных Штатах ужо ёсьць Minsk, толькі гэта ня горад.
Музычны гурт Minsk быў заснаваны ў 2002 годзе ў штаце Ілінойс. Паводле ўласнага азначэньня, іграе «псыхадэлічны мэтал», але крытыкі называюць гэта дум-мэталам і пост-мэталам. Амэрыканскі «Мінск» запісаў чатыры поўнафарматныя студыйныя альбомы, апошні ў 2015 годзе.
Самі музыкі Minsk не зьвязаныя наўпрост зь беларускай сталіцай (і ў Беларусі не выступалі), але натхніліся лёсам гораду, які «некалькі разоў быў спалены дашчэнту, каб паўстаць, нібы Фэнікс, з попелу». І гурт нават паўтарыў гэты лёс: у 2011 годзе распаўся, у 2013-м адрадзіўся, у 2019-м застаецца актыўным.
Minsk court, Grodno Street, Kletsk Hill Road…
У Францыі ёсьць «амонімы» беларускіх паселішчаў Брэст і Парыж, у Польшчы — Міньск-Мазавецкі, ва Ўкраіне — Магілёў-Падольскі. У ЗША няма Менску, ды й іншых «беларускіх» гарадоў амаль няма, хіба дзьве Ліды: закінуты «горад-прывід» часоў «залатой ліхаманкі» ў Нэвадзе і пасёлак у Мінэсоце побач з возерам Ліда.
Але ў Штатах, як і ў Віетнаме ці Эквадоры, ёсьць вуліцы і плошчы, названыя ў гонар Беларусі і беларускіх гарадоў. Так, у Чалстане, што ў Паўднёвай Караліне, ёсьць плошча Homel Place, у Сырак’юзе, які ў штаце Нью-Ёрк, Grodno Street, адразу ў некалькіх гарадах штату Нью-Джэрсі — вуліцы Kletsk Hill Road, а блізу Лас-Вэгаса, у мястэчку Спрынг-Вэлі — вуліца Minsk court, у Норт-Бэтлееме, што ў Пэнсыльваніі, — завулак Belarus Lane.
У штаце Мічыган ёсьць вуліцы Brest Road і Brest Street, а таксама затока Brest Bay, але яны могуць быць названыя як у гонар беларускага Берасьця, так і францускага Брэста. А ў штаце Нью-Ёрк ёсьць заснаваны беларусамі рэлігійны цэнтар адпачынку Бэлэр-Менск.
Мо лепей Касьцюшку сталіцай ЗША?
Шмат дзе ў сьвеце ўшанаваная памяць славутага беларуса Тадэвуша Касьцюшкі — вайсковага інжынэра, лідэра вызваленчага паўстаньня ў Рэчы Паспалітай 1794 году, удзельніка вайны за незалежнасьць ЗША, якога таксама лічаць знакавай асобай у Беларусі, Польшчы і Францыі.
Самы прыкметны аб’ект, які носіць імя Касьцюшкі — найвышэйшая гара Аўстраліі. У ЗША ж ёсьць два Касьцюшкі-гарады (у Місысыпі і Тэхасе), Касьцюшка-востраў (на Алясцы), Касьцюшка-акруга (у Індыяне), два Касьцюшкі-масты (у Нью-Ёрку), шматлікія вуліцы і паркі… Рэзыдэнцыя ваяра ў Філядэльфіі цяпер стала Нацыянальным мэмарыялам Тадэвуша Касьцюшкі.
Ды ў Беларусі помнік Касьцюшку давялося ставіць за грошы, сабраныя звычайнымі грамадзянамі, а Нацыянальная акадэмія навук ня лічыць яго нацыянальным героем.