Лінкі ўнівэрсальнага доступу

80 гадоў таму Менск стаў Мінскам. Факты, песьні і падкасты


Сталіцу Беларусі 29 ліпеня 1939 году пастановай 2-й сэсіі Вярхоўнага Савету БССР перайменавалі ў Мінск. Прычыны такой зьмены не абвяшчаліся.

Горад Менск узьнік не пазьней за X стагодзьдзе. Першая згадка пра яго была ў «Аповесьці мінулых часоў» ў кантэксьце разбурэньня гораду і наступнай бітвы на Нямізе ў 1067 годзе, але горад, падобна, старэйшы мінімум на сотню гадоў. Ад XI ст. і да часоў Вялікага Княства Літоўскага быў цэнтрам удзельнага княства, у 1499 годзе атрымаў магдэбурскае права. Пад уладай Расейскай імпэрыі стаў цэнтрам губэрні, але страціў магдэбурскае права. Быў абвешчаны сталіцай Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе, затым у 1919 годзе — сталіцай Савецкай Беларусі (другой, бо спачатку бальшавікі прызначылі сталіцай Смаленск).

Што было з назвай

Назву Менск зьвязваюць з ракой Менкай, прытокам Птычы. Гідронім для Беларусі рэдкі і мае індаэўрапейскі корань «мен» — ‘малы, слабы’. У сучаснай літоўскай мове ёсьць прыметнік menka, які можна перакласьці як «малая», «дробная», а старажытныя балты маглі назваць рэчку ‘слабая, неглыбокая’ (плынь).

У летапісах XV стагодзьдзя горад называўся Мѣньск і Мѣнескь (Іпацеўскі летапіс), Меньск і Менеск (Радзівілаўскі летапіс), у пазьнейшых — Менск ці Менеск. Першую фіксацыю назвы Мінск (Mynsko) дасьледнікі адзначаюць у лацінамоўнай канцылярскай кнізе пад 1502 годам, пазьней варыянт зь літарай «і» пачынае сустракацца ў польскамоўных дакумэнтах (Mińsk), зь якіх пасьля разьдзелаў Рэчы Паспалітай трапляе ў расейскія.

Але ў БССР горад афіцыйна звалі па-беларуску Менскам да 1939 году — назва захавалася ў вуснай беларускай мове за часы Расейскай імпэрыі, хоць па-расейску горад ужо стаў «Минскъ». Перайменаваньне ў Мінск адбылося падчас маштабных сталінскіх рэпрэсіяў супраць нацыянальнай інтэлігенцыі і мэтанакіраванай русыфікацыі Беларусі. Але старая назва захавалася, напрыклад, на пастамэнце помніка Леніну ля Дому ўраду, часам адраджаецца — як то ў назвах кавярняў або на каналізацыйных люках.

У 1991 годзе на хвалі дэмакратызацыі і вяртаньня да каранёў Менскі гарадзкі савет дэпутатаў накіраваў у Вярхоўны Савет просьбу перайменаваць Мінск у Менск. Прапанову разгледзелі на паседжаньні парлямэнту, але для перайменаваньня не хапіла ўсяго 31 голасу — «за» прагаласавалі 142 дэпутаты, а трэба было 173.

Што думаюць жыхары гораду пра Менск і Мінск

Відэа 2016 году:

Сьвежае апытаньне на папулярным палітычным Telegram-канале:

Што сьпяваюць пра Менск

Тэма дзьвюх назваў гораду часам згадваецца ў паэзіі і песьнях. Самы вядомы прыклад — песьня «Менск і Мінск» гурту N.R.M. з альбому «06» (2007).

Але яна не адзіная. Пра тое самае ў тым жа годзе сьпявалі IQ48 — песьня затым увайшла ў альбом «Героі!» (2008).

А гэтак пра Менск і Мінск сьпяваў бард Зьміцер Сідаровіч за 20 гадоў да Вольскага і «здаровых ласёў» — у 1987 годзе.

Назву Менск ужывалі і ў песьнях, не прысьвечаных назьве гораду або іншым аспэктам «бінарнасьці» гораду.

Але нярэдка беларускамоўныя сьпевакі ўжываюць і форму Мінск, калі сьпяваюць пра горад. Напрыклад, так.

Якія яшчэ гарады Беларусі перайменавалі

Некаторыя гарады, вёскі і рэкі Беларусі былі цалкам перайменаваныя: Акцябрскі калісьці зваўся Рудобелка, Верхнядзьвінск — Дрыса, Дзяржынск — Койданаў, Кіраўск — Качэрычы, Чэрвень — Ігумен, Слаўгарад — Прапойск, Сьветлагорск — Шацілавічы…

У некаторых назвах зьмянілася толькі форма. Напрыклад, Беразіно раней звалася Бярэзань, але падобна, што было перайменаванае яшчэ за Расейскай імпэрыяй. Брэст зваўся Берасьце, Вілейка — Вялейка, Гродна — Горадня, Драгічын — Дарагічын, Друцк — Друцак, Іванава — Янаў, Калінкавічы — Каленкавічы, Клецк — Клецак, Кобрын — Кобрынь, Крупкі — Крупка, Круляўшчызна — Крулеўшчына, Лепель — Лепля, Ліёзна — Лёзна, Лукомль — Лýкам’е, Міёры — Мёры, Мсьціслаў — Амсьцíслаў, Навагрудак — Навáградак, Орша — Ворша, Параф’янава — Пархвенава, Полацк — Полацак, Пружаны — Пружана, Радашковічы — Рáдашкавічы, Ружаны — Ружана, Слуцк — Слуцак, Смаргонь — Смаргоні, Стоўбцы — Стоўпцы, Ушачы — Вушача, Хойнікі — Хвойнікі, Шацк — Шáцак…

Рака, якая цяпер завецца Заходняя Дзьвіна, некалі была проста Дзьвіной, бо ў Беларусі няма ніякай Усходняй, а расейская рака, што ўпадае ў Белае мора, па-беларуску завецца Двіна. У афіцыйнай беларускай мове суседзяць Дняпро і Днепр — беларуская і расейская назвы ракі.

Што яшчэ паслухаць пра Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG