Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Жамчужны за два гады правёў 500 дзён у штрафным ізалятары


Беларускі палятвязень Міхаіл Жамчужны
Беларускі палятвязень Міхаіл Жамчужны

Палітвязень Міхаіл Жамчужны, хутчэй за ўсё, правядзе наступныя 2-3 месяцы ў штрафным ізалятары (ШІЗА), паведаміў праваабаронца Леанід Сьвецік «Вясьне». Ён атрымаў ліст ад Жамчужнага зь некаторымі падрабязнасьцямі пра адбываньне пакараньня ў калёніі.

У лісьце Міхаіл Жамчужны не шкадуе аб тым, што здарылася, але прызнае, што мусіў быў заняцца праваабарончай і палітычнай дзейнасьцю раней.

«19 жніўня я адзначыў 10-гадовы „юбілей“ знаходжаньня за калючым дротам. Падвёў вынікі і імі задаволены. Таксама падлічыў, што за два апошнія гады сваёй адседкі правёў 500 дзён у штрафным ізалятары і ўчыніў 65 парушэньняў рэжыму!» — напісаў у лісьце Жамчужны.

Жамчужны апратэставаў у аддзел уласнай бясьпекі МУС і суды вынесеныя адміністрацыяй калёніі спагнаньні. Таксама ён апратэставаў факты зьнішчэньня ягоных пяці лістоў, якія не прайшлі цэнзуру, а таксама аднаго ліста, адрасаванага яму Беларуска-амэрыканскай асацыяцыяй, які зьнішчылі нібыта за наяўнасьць у ім «цынічных выказваньняў».

За час у ПКТ Жамчужны пасьпеў прачытаць некалькі клясычных кніжак. Гэта «Патоп» Генрыха Сянкевіча, «Пётар І» Аляксея Талстога і некалькі кніг пра ўмовы жыцьця і спосабы выжываньня ў ГУЛАГу.

Паводле Леаніда Сьвеціка, палітвязень ня можа данесьці да беларускай грамадзкасьці ўсе факты бесчалавечнага абыходжаньня зь ім.

«Такую выснову можна зрабіць з неаднаразовых паведамленьняў пра тое, што цэнзура зьнішчае значную колькасьць ягоных пасланьняў з калёніі. Было б разумным даць дазвол на кароткую сустрэчу палітвязьня з праваабаронцамі і журналістамі», — кажа Сьвецік.

Хто такі Жамчужны?

  • Выкладаў у Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Кіраваў дасьледчай лябараторыяй, якая працавала над атрыманьнем вадароду для выкарыстаньня ў прамысловасьці.
  • У 2008 годзе быў асуджаны за эканамічныя злоўжываньні на 4 гады. Вырак абскарджваў, але марна.
  • У 2012 годзе па вызваленьні заняўся праваабарончай дзейнасьцю, стаў адным з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн».
  • У 2015 годзе асуджаны Віцебскім абласным судом: быў прызнаны вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага выдаваньня зьвестак, якія складаюць службовую тайну, у незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і ў даваньні хабару.
  • Быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Судовая калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду прызначыла яму 6,5 года пазбаўленьня волі. Справу разглядалі суды ў закрытым рэжыме. Сваёй віны не прызнаў.
  • Адбываў пакараньне ў калёніях у Навасядах і Івацэвічах. Апошнія два гады знаходзіцца ў Горацкай папраўчай калёніі № 19.
  • Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Яны дамагаюцца, каб прысуд быў адменены і каб справу перагледзелі ў адкрытым судовым паседжаньні.
  • На свабоду мае выйсьці ў лютым 2021 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG