Завочная дыскусія беларускіх праваабаронцаў з Тацянай Краўчанкай, кіраўніцай грамадзкай камісіі, якая з дазволу ўладаў правярае турмы.
6 сьнежня ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі прайшоў сэмінар «Грамадзкі кантроль за ўстановамі крымінальна-выканаўчай сыстэмы», арганізаваны пры падтрымцы Рады Эўропы. На ім міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі заявіў, што грамадзкі кантроль за калёніямі і турмамі ў Беларусі — «важны складнік мэханізму абароны правоў грамадзян у месцах зьняволеньня» і што за 2017 год «не паступіла ніводнай скаргі вязьняў на жорсткае абыходжаньне з боку адміністрацыі».
У падтрымку Сьліжэўскага на адмысловым брыфінгу выступіла і старшыня Рэспубліканскай грамадзкай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі Беларусі Тацяна Краўчанка. Гэтая камісія кантралюе ўмовы адбыцьця пакараньня і выкананьне правоў беларускіх вязьняў.
Краўчанка: Нас паўсюль пускаюць
Паводле Тацяны Краўчанкі, камісія, якую яна ўзначальвае, «самастойная ў сваіх дзеяньнях і высновах». Рэспубліканская камісія і сем абласных дзейнічаюць ужо 10 год і за гэты час наведалі ўсе ўстановы пэнітэнцыярнай сыстэмы краіны.
«Ужо пачалі наведваць другім наваратам», — кажа Краўчанка. На яе думку, у грамадзкіх назіральнікаў «збольшага паўнамоцтваў дастаткова», каб наладзіць грамадзкі кантроль за выкананьнем правоў вязьняў.
«Вядома, было б добра, каб нашы наведваньні ажыцьцяўляліся паводле паведамляльнага прынцыпу, а не пасьля атрыманьня дазволу, як цяпер. Але і цяпер мы ня маем перашкод у наведваньні, нас паўсюль пускаюць, на разгляд просьбы аб наведваньні ідзе ня больш за 2 дні», — сказала Тацяна Краўчанка.
Гулак: Праваахоўнікі пускаюць не да ўсіх
Алег Гулак, старшыня праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт», сябра камісіі, якую ўзначальвае Тацяна Краўчанка, ня згодны зь ёю:
«Што паўсюль пускаюць, гэта дакладна няпраўда, бо самі назіральнікі мне скардзіліся, што якраз да Міхаіла Жамчужнага іх не пускалі. Але галоўная праблема, на маю думку, нават ня ў гэтым, а ў тым, якую ролю праваахоўнікі адводзяць грамадзкім назіральнікам. Па вялікім рахунку, адміністрацыя месцаў зьняволеньня чакае ад іх толькі ўдзелу ў паляпшэньні побыту, у дапамозе людзям, якія выходзяць з калёній, а як іх там утрымліваюць, ці выконваюцца іх правы — гэта толькі іхная, правахоўнікаў, справа, і каб ніхто туды ня ўмешваўся. Вось гэта тая сфэра, дзе яшчэ варта дасягнуць паразуменьня, дзе пакуль праваахоўнікі трымаюць манаполію і дзе патрэбныя зьмены».
Краўчанка: Скардзіцца толькі Жамчужны
Старшыня Рэспубліканскай грамадзкай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі Беларусі Тацяна Краўчанка ня лічыць абгрунтаванымі скаргі вязьня Міхаіла Жамчужнага на ўмовы ўтрыманьня і на ціск адміністрацыі калёніі, дзе ён адбывае пакараньне.
«Грубых парушэньняў за той час, цягам якога камісія езьдзіць, мы ня выявілі. Ёсьць у нас адзін вязень, які ўвесь час скардзіцца. Ён ужо зьмяніў 4 ці 5 папраўчых установаў. Мы адмыслова выяжджалі ў Магілёў, дзе ён цяпер адбывае пакараньне. І нічога такога ня ўбачылі», — сказала Тацяна Краўчанка і на пытаньне карэспандэнта Свабоды ўдакладніла, што гаворыць пра былога праваабаронцу, цяпер вязьня Міхаіла Жамчужнага.
Тацяна Краўчанка сказала, што бачылася зь Міхаілам Жамчужным у магілёўскай калёніі.
Бандарэнка: Няма зьвестак, што камісія сустрэлася з Жамчужным
Былы вязень шклоўскай калёніі Андрэй Бандарэнка, сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа Інавэйшн», якая апякуецца зьняволенымі ў беларускіх турмах, сочыць за турэмным лёсам Міхаіла Жамчужнага і ня згодны з заявай Тацяны Краўчанкі.
«Па-першае, Міхаіл Жамчужны ўжо другі год як адбывае пакараньне ў калёніі ў Горках, а не ў Магілёве, як кажа спадарыня Краўчанка. А да таго ён быў у калёніі ў Навасадах. Па-другое, я стала кантактую з адвакатам Міхаіла Жамчужнага, і ў мяне няма зьвестак, што зь ім сустракаліся сябры назіральнай камісіі».
Краўчанка: Жамчужны сам ня хоча выходзіць з карцэру
Адносна таго, што Жамчужнага часта трымаюць у карцэры, Краўчанка сказала, што «ён сам ня хоча выходзіць, а проста правакуе супрацоўнікаў установы».
Карэспандэнт Свабоды запытаў пра прычыны такіх паводзінаў і спаслаўся на праваабаронцаў, якія паведамлялі, што Жамчужны мусіць заставацца ў карцэры, бо іншыя вязьні неабгрунтавана далучылі яго да асобаў з гэтак званым «нізкім сацыяльным статусам». Тацяна Краўчанка заявіла, што «гэта няпраўда».
«Мы размаўлялі з тымі асуджанымі, і яны кажуць, што такога няма і яны б самі такога ніколі не дапусьцілі. Не заўсёды ўсяму, што ён кажа, можна верыць», — дадала Краўчанка.
Бандарэнка: «Нізкі статус» вязьняў ініцыюецца адміністрацыяй
Сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа Інавэйшн» Андрэй Бандарэнка і тут нязгодны з Краўчанкай:
«Адносна статусу. Насамрэч, залічэньне вязьня да катэгорыі людзей зь „нізкім сацыяльным статусам“ — гэта ў Беларусі адпрацаваная практыка ціску і пакараньня тых, хто не ідзе на супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Гэта робіцца празь вязьняў, але ініцыюецца адміністрацыяй.
Тая ж гісторыя была са мной, са Зьмітром Дашкевічам, Мікалаем Дзядком, Андрэем Саньнікавым ды іншымі палітвязьнямі, яны могуць гэта пацьвердзіць. Не заўважаць гэтага і апраўдваць гэтую сыстэму — на сумленьні гэтак званых назіральнікаў.
Для мяне відавочна, што яе задача — не выяўляць парушэньні правоў вязьняў, а хаваць сапраўднае становішча ў вязьніцах».
Краўчанка: Анкетам вязьняў можна давяраць
Тацяна Краўчанка распавяла пра ананімнае анкетаваньне вязьняў, якое праводзяць сябры назіральнай камісіі, калі наведваюць турмы і калёніі. Паводле спадарыні Краўчанкі, гэтым анкетам можна цалкам давяраць.
«Па-першае, мы прысутнічаем, калі вязьні запаўняюць анкеты, але ў той момант супрацоўнікі адміністрацыі адсутнічаюць. Па-другое, анкеты не імянныя, ніхто свайго прозьвішча ня ўказвае. Яны могуць напісаць што заўгодна. Таксама мы зь вязьнямі гутарым сам-насам, калі заходзім да іх у камэры, задаём ім розныя пытаньні, і ніякіх адмоўных момантаў мы ня бачылі», — паведаміла старшыня Рэспубліканскай грамадзкай назіральнай камісіі пры Мін’юсьце.
Паліенка: Эфэктыўнасьць анкетаваньня нулявая
Грамадзкі актывіст Зьміцер Паліенка, які месяц таму вызваліўся з Бабруйскай калёніі, ня згодны з ацэнкай Тацяны Краўчанкі:
«Анкетаваньне падчас наведваньня назіральнікаў сапраўды ёсьць, але эфэктыўнасьць яго нулявая. Апэратыўнікі яшчэ да прыезду назіральнікаў выклікаюць вязьняў і папярэджваюць, што калі нешта ня тое напішаце, вам будзе дрэнна. Нешта забароняць, адмовяць у спатканьні ці што іншае. Альбо могуць адабраць толькі тых, хто напіша, што ўсё добра. А гэта выключна актывісты, хто ва ўсім супрацоўнічае з адміністрацыяй, ад іх ня будзе ніякай скаргі. Мяне, паколькі я быў на адмысловым уліку, трымалі далей ад такіх мерапрыемстваў, з назіральнікамі я так і не сустрэўся».
Беларускія праваабаронцы таксама заяўляюць, што шэраг беларускіх вязьняў за гэты пэрыяд неаднаразова скардзіліся на жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне, у тым ліку спрабавалі абскардзіць праз суды незаконныя, на іх думку, спагнаньні, але марна.