У новым памяшканьні менскай кнігарні «ЛогвінаЎ», што цяпер працуе на вул. Караля, 22, актывісты паставілі адмысловую скрыню для лістоў палітычным зьняволеным.
Як расказаў на Facebook Вячаслаў Касінераў, адрасы зьняволеных можна даведацца проста на месцы, там жа прадаюцца паштоўкі. Усе лісты са скрыні абяцаюць абавязкова выслаць зьняволеным.
Розныя праваабарончыя арганізацыі па-рознаму вызначаюць, каго са зьняволеных называць палітвязьнем. «Вясна» цяпер лічыць палітычным зьняволеным толькі Міхаіла Жамчужнага, але іншыя бачаць магчымы перасьлед за грамадзкую актыўнасьць, напрыклад, у «справе антыфашыстаў».
Тым часам новую справу супраць зьняволенага анархіста Дзьмітрыя Паліенкі 13 жніўня перадалі ў суд, піша БелаПАН. Паліенку вінавацяць у асабліва злосным хуліганстве (ч. 3 арт. 339 КК), псаваньні маёмасьці (арт. 341 КК) і распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч.1 арт. 130 КК). Яго затрымалі яшчэ 20 сакавіка, пад вартай без выстаўленьня абвінавачваньня трымалі да 5 красавіка (хоць можна толькі 10 дзён). Розныя абвінавачваньні аб’ядналі ў адну справу. Пазьней на яго завялі яшчэ дзьве крымінальныя справы, адна зь якіх — за абразу цяпер ужо былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.