Крама беларускіх сувэніраў, падарункаў і адзеньня Symbal.by сьвяткуе 5 гадоў, адзначыць юбілей плянуюць фэстам з удзелам беларускіх гуртоў Akute, :B:N:, Dziecuki, Naviband. Свабода распытала заснавальніка крамы Паўла Белавуса пра посьпехі ды няўдачы з часу заснаваньня.
Крыху гісторыі
Першапачаткова, у 2014 годзе, узьнікла кампанія па продажы вышымаек. Пазьней адчынілася анлайн-крама. Цяпер Symbal.by мае памяшканьне ў цэнтры гораду і шырокі асартымэнт тавараў: ад парасонаў да кніг. Свабода папрасіла заснавальніка Symbal.by прыгадаць посьпехі і няўдачы за гэтыя 5 гадоў.
Посьпехі
Кампанія «Вышымайка»
Калі Павал Белавус запусьціў продаж вышымаек (майка зь беларускім арнамэнтам), тавар стаў папулярны. Гэта называлі часовай модай, але цяпер такія майкі прадаюць і ў дзяржаўных крамах.
«Шмат хто крытыкаваў вышымайкі, але за 5 гадоў вышымайка прайшла этап ад сымбаля змагарства да рэчы, якая ёсьць абсалютна ў любой краме. Гэта стала сымбалем аб’яднаньня беларусаў. Гэта рэч, якую ўсе добра ўспрымаюць, гэта дало ўсплёск цікавасьці да арнамэнту», — падсумоўвае Павал Беларус.
Дзень вышыванкі
У кастрычніку 2014 году ў Менску праходзіў першы Дзень вышыванкі, які арганізоўваў Павал Белавус з паплечнікамі. Падчас фэсту можна было набыць вышыванку ад беларускіх вытворцаў і паслухаць музыкаў. За першыя гадзіны фэст наведалі 1300 чалавек. Цяпер Дзень вышыванкі ладзіць ужо дзяржава.
«Напачатку гэта ўспрымалася між чыноўнікамі як шабаш апазыцыі. Але прайшло год-два, і гэтае мерапрыемства ўзяла на сябе дзяржава, ініцыявалі дні вышыванкі ў розных гарадах. МЗС праводзіць свой Дзень вышыванкі для амбасадараў. Падзея, якая сьпярша ўспрымалася насьцярожана, стала амаль нацыянальнай акцыяй на 3 ліпеня», — кажа Павал Белавус.
Беларуская стужка з арнамэнтам
У 2014 годзе, увосень, яшчэ да адкрыцьця крамы Symbal.by, яе заснавальнікі вырашылі пусьціць у продаж стужку з нацыянальным арнамэнтам, якую б можна было прымацоўваць на машыны, вопратку, заплечнікі.
«Мы зьвярнуліся на магілёўскую фабрыку „Стужка“. Мы зрабілі карпаратыўную замову стужкі на 5 тысяч мэтраў. Яе вырабілі адмыслова пад нас, і мы яе раздавалі людзям на вуліцы бясплатна. Мяне і некалькі чалавек валянтэраў за раздачу гэтай стужкі затрымалі каля Камароўкі. Я тады казаў міліцыянтам, што гэта нонсэнс. Мы ж стужку замовілі на дзяржаўным прадпрыемстве. Дзякуючы розгаласу ў СМІ нас выпусьцілі. А затрыманьне стала дадатковай рэклямай. І цяпер ужо гэтыя стужкі можна пабачыць у дзяржаўных крамах, іх актыўна выкарыстоўваюць», — кажа Павал Белавус.
Папулярызацыя Пагоні і нацыянальнага сьцяга
Адна з мэтаў крамы пры адкрыцьці — папулярызацыя нацыянальных сымбаляў: бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня».
«Галоўная ідэя была паказаць, што нацыянальныя сымбалі не забароненыя, што яны не належаць нейкай партыі ці структуры. Мы заявілі, што прадаём першыя дзяржаўныя сымбалі Беларусі. Мы патлумачылі, што іх ня трэба баяцца, што яны застануцца назаўжды. Думаю, што адбыліся зьмены ў лепшы бок. Пагоня пачала зьяўляцца ў жывой прасторы часьцей. Бел-чырвона-белы сьцяг можна ўбачыць на канцэртах, на стадыёнах. А 4–5 гадоў таму было цяжка гэта ўявіць», — кажа Павал Белавус.
З Symbal.by працуюць дзяржаўныя кампаніі
Паводле Паўла Белавуса, цяпер у краму часта прыходзяць людзі, ніяк не зьвязаныя з актывізмам, палітыкай. Усё часьцей зьвяртаюцца дзяржаўныя крамы і чыноўнікі.
«Мы працавалі з МНС, аблвыканкамам, Менгарвыканкамам, „Аліварыяй“. Мы робім сумесныя праекты ці выпускаем сумесныя прадукты», — кажа Павал Беларус.
НЯЎДАЧЫ
БНР-101 ня ў Менску
У 2018 годзе Павал Белавус разам з Эдуардам Пальчысам і Антонам Матолькам правялі на Дзень Волі вялікі канцэрт каля Вялікага тэатру опэры і балету. Гэта было дазволенае мерапрыемства, якое сабрала больш за 30 тысяч чалавек. Над арганізацыяй працавалі і супрацоўнікі крамы Symbal.by. Але ў наступным годзе зладзіць БНР-101 у Менску не ўдалося.
«У нас не атрымалася зрабіць БНР-101 добрым вялікім сьвятам у Менску, нам не далі добрай пляцоўкі, мы не змаглі дамовіцца. Але, спадзяюся, у 2020 годзе гэта атрымаецца. Можа, зможам знайсьці агульную мову з новым ідэолягам», — кажа Павал Белавус.
А сьвята БНР-101 прайшло сёлета ў Горадні.
Няма рэгіянальных філіяў
Цяпер офлайн-крама Symbal.by ёсьць толькі ў Менску, хоць дастаўка працуе па ўсёй Беларусі. І гэта Павал Белавус называе адным зь мінусаў, бо «хацелася б, каб крамы былі ў кожным абласным цэнтры, але дазволіць сабе гэта пакуль не атрымліваецца».
Усё яшчэ існуе цэнзура
Барысаўская раёнка «Адзінства» ў сваім матэрыяле пра трэнэра Віктара Захар’ева замазала сьвітшот з выявай Пагоні. Герб замазала, як выявілася, аўтарка матэрыялу са сваёй ініцыятывы. Такія выпадкі цэнзуры, якія яшчэ здараюцца, Павал Белавус тлумачыць недапрацоўкай у папулярызацыі сымбаляў.
«Калі адбываюцца такія выпадкі цэнзуры, значыць, нашы расповеды пра гістарычныя сымбалі, якія ахоўваюцца дзяржавай, даходзяць не да ўсіх. Былі і іншыя выпадкі, калі сымбалі замазвалі на дзяржаўных каналах, якія прыходзілі рабіць пра нас сюжэты», — абураецца Павал Белавус.
Міліцыя ўсё яшчэ чапляецца да гістарычных сымбаляў
На дазволеных мерапрыемствах людзей са сьцягамі і гербам не чапаюць, дзеліцца ўражаньнямі Павал Белавус. Але могуць дачапіцца, калі чалавек выходзіць з такога сьвята. І гэта таксама ён лічыць недапрацоўкай у папулярызацыі бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні як гістарычных сымбаляў.
Свой першы юбілей Symbal.by адзначыць канцэртам у менскай прасторы «Пясочніца». Фэст пачнецца ў 18:30, уваход вольны.
Няма сваёй швейнай вытворчасьці
Яшчэ адным мінусам Павал Белавус называе адсутнасьць уласнай вытворчасьці адзеньня. Але неўзабаве гэты мінус будзе выпраўлены, і ў Symbal.by празь месяц-два адкрыецца свой швейны цэх, абяцае заснавальнік.
«Мы дарасьлі да таго, каб адкрыць свой швейны цэх. Паспрабуем зрабіць так, каб цэны на нашы тэкстыльныя вырабы засталіся ранейшымі, а якасьць павысілася», — кажа Павал Белавус.