Дзень беларускай вышыванкі праходзіць у Менску ўпершыню, але цягам некалькіх гадзінаў яго ўжо наведалі больш за 1300 чалавек. Цяпер у прасторы «ДК» на вуліцы Талбухіна распачалася музычная частка, якая працягнецца да 22 гадзіны.
Дзень беларускай вышыванкі — гэта яшчэ і фэстываль беларускай культуры, а на кірмашы вырабаў можна набыць як традыцыйную вышыванку, гэтак і яе сучасную стылізацыю.
Свае творы тут прэзентуюць стваральнікі і распаўсюднікі беларускага нацыянальнага адзеньня, сувэніраў ды ўпрыгожваньняў з нацыянальным калярытам.
Аўтары беларускай гульні «Паўстанцы» ня толькі распавялі пра свой праект, але і прадставілі магчымасьць удзельнікам фэстывалю самім паглыбіцца ў атмасфэру 1863 года. Прайшлі майстар-клясы па вышыўцы ды вырабах з гліны.
Дзень вышыванкі ладзіцца беларускімі НДА ў межах кампаніі «Зробім лепш».
Ганна Любакова