Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Опэрны-2018 і Каложа-2019 — адрозьненьні і падабенствы


Дзень волі, Горадня, 25 сакавіка 2019
Дзень волі, Горадня, 25 сакавіка 2019

Якія вынікі сьвяткаваньня Дня волі-2019 у Горадні? Ці вярнуліся ўлады ў 90-я ў сваім стаўленьні да БНР? Чаму незалежнае грамадзтва ізноў ня здолела дамовіцца? Як выглядаў Дзень волі −2019 у сацыяльных сетках?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць журналіст, мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі і аглядальніца нашага радыё Аляксандра Дынько.

  • Гарадзенскае сьвяткаваньне Дня волі стала франшызай леташняга менскага сьвяткаваньняў
  • Летась у Менску ля опэрнага было каля 50 тысячаў, сёлета ў Каложы – 5 тысячаў
  • Калоскі парк у Горадні – зусім ня тое самае, што менская плошча Бангалёр, якая стала сынонімам паразы
  • І сёлета захаваўся раскол (альбо падзел), спаборніцтва розных сілаў – адна каманда заклікала ехаць у Горадню, іншая, партыйная, запрашае ў Кіеўскі сквэр на 24 сакавіка

Менская «франшыза» у Горадні

Дракахруст: Безумоўна, леташняе сьвяткаваньне сотай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Менску стала і кропкай адліку, і ўзорам. Калі параўнаць сёлетняе сьвяткаваньне ў Горадні і леташняе ў Менску — у чым адрозьненьні, у чым падабенства?

Аляксандра Дынько
Аляксандра Дынько

Дынько: Я сама ўпала ў спакусу параўноўваць леташняе сьвяткаваньне і сёлетняе. І дата была круглая, і абсалютна новы быў фармат, і новыя людзі яго арганізоўвалі. І тады ў адзначэньні было больш сямейнасьці, супольных каштоўнасьцяў.

Сёлета тая самая каманда паспрабавала маштабаваць гэты досьвед і перанесьці ў Горадню. Гэта можна назваць пасьпяховай франшызай. Праграма сьвяткаваньня была прыблізна такой жа. Дзякуючы таму, што яна была апрабаваная летась, атрымалася падрыхтаваць сьвяткаваньне ў надзвычай кароткі тэрмін.

Зразумела, былі адрозьненьні ў маштабе. У Менску летась было 50 тысячаў, у Горадні сёлета — 3-5 тысячаў.

Але іншыя складнікі — узровень выступоўцаў, зьмест прамоваў — былі падобныя. І настрой людзей — натхняльны, сьветлы, сямейны — у Горадні захаваўся.

Дракахруст: Летась здавалася, што ўлады прызналі 25 сакавіка сьвятам як бы па змаўчаньні. Заявы Аляксандра Лукашэнкі падчас «вялікай размовы», адмова Менгарвыканкаму дазволіць сьвята на годных пляцоўках — ці сьведчыць гэта, што сытуацыя вяртаецца ў 90-я, калі для ўлады Дзень волі быў «шабашам нацыяналістаў», «пятай калёны»?

Быкоўскі: Адназначна так казаць нельга. Хаця пасьля «вялікай размовы» танальнасьць выказваньняў беларускіх чыноўнікаў памянялася. У нас ёсьць два аргкамітэты сьвяткаваньня Дня волі. Адзін — партыя БНФ і так званыя «блогеры» — мусіў пераехаць у Горадню. У нядзелю будзе збор у Кіеўскім сквэры ў Менску, дзе правацэнтрысцкая кааліцыя і сацыял-дэмакраты паспрабуюць зрабіць тое, што ў іх не атрымалася зрабіць год таму.

У 2018 годзе адзначэньне адбывалася ўсё ж у фармаце апалітычнага гарадзкога сьвята. У гэта былі плюсы і мінусы. Некаторым палітычна ангажаваным людзям гэтага было недастаткова. Магчыма, пэўная раўнавага можа атрымацца дзякуючы адзначэньню ў Кіеўскім сквэры.

Каложа — не Бангалёр

Дракахруст: Чаму Дзень волі 2019 у Горадні дазволілі, а ў Менску — не? Ці ў Менску таксама дазвалялі, але не на тых пляцоўках, на якіх хацелі арганізатары? Даводзілася чуць меркаваньне, што Калоскі парк у Горадні — гэта ў прынцыпе як Бангалёр у Менску. Ці гэта ня так?

Дынько: Горадзенскія ўлады паводзілі сябе так, як паводзілі сябе заўжды. Год таму стагодзьдзе БНР у Горадні адзначалася таксама менавіта ў Калоскім парку.

У Менску сапраўды ў актывістаў Бангалёр асацыюецца з паразай. Бангалёр ня ў цэнтры, туды доўга і нязручна дабірацца.

Калоскі парк у Горадні ня можа ісьці ні ў якае параўнаньне з менскай плошчай Бангалёр. Гэта ня самы цэнтар, але ён у некалькіх хвілінах ад турыстычнага маршруту, ад цэнтру. Гэта вельмі добраўпарадкаваная, дагледжаная пляцоўка, зручная для разьмяшчэньня інфраструктуры масавай акцыі. Ну і там жа побач Калоскі сабор, гэта сьвятое месца для ўсіх беларусаў і асабліва для гарадзенцаў.

Дракахруст: Павал, вы ўжо прыгадалі пра акцыю, якую ладзіць 24 сакавіка шэраг партыяў у Менску ў Кіеўскім сквэры. Гэта ня цэнтар, але і не Бангалёр. Летась раскол апазыцыі меў характар прынцыповы — сьвята ці пратэст, межы кампрамісу з уладамі. Сёлета раскол, здаецца, таксама быў, але па іншых прычынах. На ваш погляд, чаму не было дасягнутае адзінства і гэтым разам?

Павал Быкоўскі
Павал Быкоўскі

Быкоўскі: Тут прысутнічае момант заўважнай канкурэнцыі. Ёсьць людзі, у якіх атрымалася зрабіць супэрмерапрыемства летась. Пасьля таго, як яны былі вымушаныя паехаць у Горадню, узьнікла пытаньне, дзе будзе больш важнае сьвята. І на гэты конт у сацыяльных сетках ідуць дыскусіі. На мой погляд, дык хай будуць два сьвяты і гэта было б добра.

Летась кампраміс палягаў у тым, што палітыкі ня будуць выступаць з палітычнымі прамовамі. Яны зачыталі частку Устаўной граматы БНР. І з асноўнымі прамовамі выступалі не яны. Сёлета ў Кіеўскім сквэры палітыкі будуць выступаць з прамовамі. У нас тут на носе «палітычная бакханалія», выбары і віруе пытаньне інтэграцыі з Расеяй.

Пра гэта, напэўна, будуць гаварыць. І гэта сапраўды пэўны раскол паміж тымі, хто настроены больш палітычна, і тымі, хто настроены нацыянальна-патрыятычна, але менш палітычна.

Ёсьць вялікае пытаньне з грашыма. Зараз ёсьць дакумэнт, які абавязвае арганізатараў аплачваць масавыя мерапрыемствы. На такую акцыю, у якой удзельнічае больш за 1000 чалавек, толькі міліцыі трэба заплаціць каля 3000 даляраў.

Гэта даволі вялікая сума для сёньняшняй апазыцыі і гэтае выпрабаваньне можа моцна іх падкасіць. Наколькі я чуў, належных сумаў не атрымалася сабраць ні на менскае сьвяткаваньне, ні на гарадзенскае.

Дынько: Я не зусім згодная з Паўлам, на леташнім сьвяткаваньні ў Менску палітычны складнік быў заўважны. Са сцэны выступаў Зьміцер Дашкевіч, іншыя палітычныя дзеячы, выступаў Алесь Ліпай (цяпер, на жаль, нябожчык) зь вельмі моцнай прамовай пра незалежнасьць.

І тады незалежнасьць краіны была асноўным пасылам прамоваў са сцэны. У Горадні сёлета палітычнага было менш, але палітычныя прамовы, заявы, гучалі больш не ад палітыкаў. Мене вельмі ўразіў Алесь Дзянісаў, лідэр гурту Дзецюкі, які пасярод песьняў нагадаў пра перасьлед берасьцейцаў, якія змагаюцца супраць акумулятарнага заводу, ён таксама сказаў пра пагрозу незалежнасьці. Гэта прагучала вельмі моцна.

Дракахруст: Героямі леташняга сьвяткаваньня былі трое яго арганізатараў — Павал Белавус, Антон Матолька, Эдуард Пальчыс. А хто быў, стаў героямі сёлетняга сьвяткаваньня ў Горадні?

Дынько: У Горадні ўсе падкрэсьлівалі, што тут сьвята было арганізаванае дзьвюма камандамі, паміж імі былі разьмеркаваныя абавязкі. Была менская каманда, пры якую вы, Юры, сказалі. І была горадзенская каманда — гэта Вадзім Саранчукоў і Зьміцер Бандарчук.

Калі арганізатары прамаўлялі са сцэны, было абсалютна роўнае стаўленьне да іх. У Горадні ёсьць лякальныя, свае лідэры. Саранчукова і Бандарчука людзі ведаюць, пазнаюць на вуліцы. І вялікая іх заслуга яшчэ і ў тым, што яны здолелі дамовіцца з горадзенскімі ўладамі.

Але стратэгія, якую распрацавалі менчукі Белавус, Матолька і Пальчыс, аказалася эфэктыўнай і Горадні. Сёньня прагучала вельмі важнае слова — дэцэнтралізацыя. Сьвята перастае ўспрымацца як кімсьці манапалізаванае.

Дзень волі ў сеціве

Дракахруст: Як было адлюстраванае сёлетняе сьвяткаваньне ў Горадні ў сацыяльных сетках? Там таксама назіралася дэцэнтралізацыя? Ці ў абмеркаваньні былі лідэры, якія задавалі яго накірунак, якія вялі рэй?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Быкоўскі: У сацыяльных сетках ёсьць паняцьце інфлюэнсар, той, хто ўплывае. У арганізацыі горадзенскага сьвята ўдзельнічаў Антон Матолька, іншыя папулярныя блогеры таксама там прысутнічалі. І гэта было даволі заўважна. Зь іншага боку, ёсьць асабісты сацыяльны капітал у таго ці іншага інфлюэнсара, але ёсьць і інструмэнты рэклямы.

Можна было ўбачыць, як арганізатары і горадзенскага, і менскага сьвяткаваньняў шукалі валянтэраў праз сацыяльныя сеткі, разьмяшчалі рэкляму для тых, каго яны лічылі сваёй аўдыторыяй. Там можа даволі дакладна таргэтаваць аўдыторыю.

Дракахруст: У параўнаньні зь мінулым годам цікавае пытаньне — дамінуючую думку вызначаюць інфлюэнсары ці рэальнасьць? Той жа Матолька і летась раскручваў сьвяткаваньне і сёлета. Але летась прыйшло 50 тысячаў, а сёлета — 5 тысячаў. Дык справа ў Матольку ці ў 50 і 5 тысячах?

Быкоўскі: Складана адказаць. Але маштаб мае значэньне. Мерапрыемства ў сталіцы — гэта па вызначэньні мерапрыемства для ўсіх. Да таго ж ня варта забываць, што ў леташняга сьвяткаваньня былы вялікія спонсары — БелаПАН, TUT. BY, і таму пра гэтае мерапрыемства даведаліся ўсе, хто жывы ў інтэрнэце. Сёлета такога спонсарства не было.

Дракахруст: Ці ня стануць абставіны новай традыцыяй — можа цяпер штогод цэнтрам сьвята Дня волі будзе рабіцца адзін з абласных цэнтраў краіны?

Дынько: Можа і ўзьнікне. Было б крута, калі б узьнікла такая традыцыя, калі мы самі выбіраем, у які наступны горад мы будзем заклікаць прыехаць людзей з усёй краіны.

Але самае важнае, што мы назіралі і летась і сёлета — што мы можа арганізаваць сваё ўласнае сьвята і зламаць звыклую схему: кінатэатар «Кастрычнік» — Бангалёр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG