Грамадзкая ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» запусьціла сайт Kobylaki.by, прысьвечаны забітым ва ўрочышчы Кабылякі ахвярам сталінскіх рэпрэсій.
Сайт быў створаны пры падрымцы вэб-акадэміі Wacademy.by, пасьля таго як ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» перамагла ў конкурсе некамэрцыйных праектаў. Пра гэта Свабодзе распавёў каардынатар праекту Ігар Станкевіч, продкі якога былі расстраляныя ў Кабыляках.
Каля дзясятка нашчадкаў рэпрэсаваных сабралі 480 рублёў для аплаты хостынгу і дамэну сайту.
Цяпер стваральнікі сайту напаўняюць яго інфармацыяй пра рэпрэсіі ў Кабыляках. Першапачатковая задача — зрабіць зручны пошук, каб нашчадкі змаглі знайсьці сваіх рэпрэсаваных продкаў, сказаў Станкевіч. Ініцыятыва працягвае шукаць людзей, чые сваякі былі расстраляныя ў Воршы.
Сёлета кампанія «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» стала ляўрэатам прэміі імя Віктара Сырыцы, якую трэці год запар уручае рух «За Свабоду». У 2018 годзе ініцыятыва двойчы трапляла ў сьпісы лепшых рэгіянальных ініцыятываў Асамблеі няўрадавых арганізацый і Офісу эўрапейкай экспэртызы і камунікацый.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.