Спэцыяліст па рэкляме Павал Кузаўка прэзэнтаваў сайт Kuropaty.space, прысьвечаны народнаму мэмарыялу ў Курапатах. Сайт даступны на 60 мовах сьвету.
Што на сайце?
На сайце вядзецца адлік часу да наступнай малітвы за Беларусь у Курапатах, якая праходзіць ва ўрочышчы штодня а 19-й гадзіне.
Таксама сайт сьцісла тлумачыць, што такое Курапаты і апісвае іх дасьсьледаваньне, узгадвае візыт у Курапаты прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана і сёлетні «крыжалом».
Хто і навошта зрабіў сайт?
Кузаўка працуе спэцыялістам па рэкляме і ўдзельнічае ў Курапацкай варце. Ён замаўляў сайт ў распрацоўшчыка і наладжваў рэкляму праз Google AdWords за свае грошы.
На момант публікацыі агульныя выдаткі на стварэньне і падтрымку сайту склалі 3000 рублёў, сказаў Свабодзе Кузаўка. Ён дадаў, што будзе працягваць рэклямаваць сайт па турыстычных запытах падчас Эўрапейскіх гульняў. Паводле аўтара, галоўнай цяжкасьцю праекту быў пераклад інфармацыі на 60 моваў сьвету.
Зараз сайт наведваюць 300-500 чалавек на дзень, рэкорд — 600, сказаў Кузаўка.