Лінкі ўнівэрсальнага доступу

95-гадовая дачка стваральніцы арнамэнту на дзяржаўным сьцягу наведала помнік рэпрэсаванаму бацьку. ФОТА


Каля помніка на Кабыляцкай гары
Каля помніка на Кабыляцкай гары

95-гадовая Зінаіда Пашкевіч, дачка стваральніцы арнамэнту на дзяржаўным сьцягу, упершыню трапіла на Кабыляцкую гару — месца сталінскіх расстрэлаў пад Воршай. Летась сваякі даведаліся, што недзе тут у 1937-м быў забіты і яе бацька. Днямі родныя паставілі яму помнік і вырашылі сабраць у жалобным месцы ўсю сям’ю.

Зінаіда Пашкевіч
Зінаіда Пашкевіч

Дарога да месца расстрэлаў не ўпарадкаваная

Ушанаваць памяць рэпрэсаванага «за антысавецкую агітацыю» Аляксея Маркевіча сабраліся ягоныя нашчадкі зь Беларусі і Італіі. Дачка расстралянага, спадарыня Зінаіда, з усіх найстарэйшая. Яна марыла трапіць у гэтыя мясьціны ўжо паўтара года — з той пары, як сваякі высьветлілі, што самае імавернае месца расстрэлу бацькі — на Кабыляцкай гары.

Аднак першая спроба трапіць сюды ў лютым мінулага году была безвыніковай: 95-гадовую жанчыну не наважыліся весьці па сьлізкай лясной сьцежцы, заваленай вецьцем.

Пад’езду да месца расстрэлаў няма, а падыйсьці складана
Пад’езду да месца расстрэлаў няма, а падыйсьці складана

З тае пары тут зьмянілася няшмат. Падыйсьці да вялікага каменя, якім адзначана месца трагедыі, па-ранейшаму цяжка — нягледзячы на тое, што Дзіна Кацар, дачка спадарыні Зінаіды, зьвярталася ў Аршанскі райвыканкам з просьбай навесьці парадак на месцы трагедыі. Яна апэлявала да таго, што Матрона Маркевіч — вядомая на ўсю Беларусь майстрыха, аўтарка арнамэнту, які стаў аздобаю дзяржаўнага сьцяга, але родныя ня могуць трапіць на месца, дзе ў часы сталінскіх рэпрэсій быў бязьвінна расстраляны яе муж.

Аршанскія ўлады адрэагавалі: вакол мэмарыяльнага каменя пакасілі траву і з аднаго боку прыбралі паваленыя дрэвы. Гэтым і абмежаваліся.

Зінаідзе Пашкевіч дапамагае муж яе праўнучкі, Антоніё Віёлі
Зінаідзе Пашкевіч дапамагае муж яе праўнучкі, Антоніё Віёлі

Сваякі зь Беларусі і з Італіі плакалі разам

Помнік расстралянаму «за антысавецкую агітацыю» Аляксею Маркевічу зьявіўся дзякуючы клопату ягоных унучак. Убачыўшы на помніку партрэт бацькі, 95-гадовая дачка Зінаіда Пашкевіч ня стрымлівала сьлёз.

Зінаіда Пашкевіч са сваімі роднымі
Зінаіда Пашкевіч са сваімі роднымі

«Калі па яго прыйшлі, ён хацеў уцячы — залезьці на дах праз комін і саскочыць. Але ж НКВДшнікі стаялі вакол хаты. Ну, і забралі. А мы бяжым за ім сьледам. Ён кажа: „Дзеткі, не бяжыце“. А яны яго — у плечы, у плечы. Потым прывязалі да сядла і змусілі бегчы сьледам, за канём. І стралялі ўгару, каб нас напалохаць», — згадвае Зінаіда Пашкевіч.

Даведка пра рэпрэсаванага мужа Матроны Маркевіч
Даведка пра рэпрэсаванага мужа Матроны Маркевіч

Успаміны пра бацьку — гэта самае каштоўнае, чым найстарэйшая ў сям’і можа падзяліцца з маладзейшымі сваякамі. Нашчадкаў у гэтага роду шмат. Вераніка Кацар, прапраўнучка Аляксея і Матроны Маркевічаў, прыехала на Віцебшчыну з Італіі. Жалобную мясьціну яна наведала разам з мужам Антоніё Віёлі, ягонай маці і наймалодшай прадстаўніцай сямейнага клану — Вікторыяй-Марыяй.

Вікторыя-Марыя каля помніка расстралянаму прапрапрадзеду
Вікторыя-Марыя каля помніка расстралянаму прапрапрадзеду

Спадар Антоніё ўражаны: ён ніколі ня бачыў нічога падобнага — каб надмагільныя крыжы і помнікі стаялі проста ў лесе. Яго жонка Вераніка Кацар, прапраўнучка расстралянага Аляксея Маркевіча, перакладае:

Вераніка Кацар
Вераніка Кацар

«Я ўсхваляваны гэтай сустрэчай. Дзякуй вялікі бабулі Зінаідзе за тое, што яна трымае ўсю сям’ю разам сваімі ўспамінамі. Гэта вельмі важна ня толькі для сям’і, але і для гісторыі, для будучыні — каб не забываць і не паўтараць трагічнае мінулае».

«Хачу да кожнага крыжа пакласьці кветкі»

Ушанаваньне памяці дзеда стала прынцыповай справай для Дзіны Кацар. Яна далучылася да ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», якую стварыў Ігар Станкевіч, імкнучыся аб’яднаць сваякоў рэпрэсаваных.

Помнік з імем яе расстралянага дзеда Аляксея Маркевіча зьявіўся тут нядаўна і стаў чарговым у шэрагу іншых памятных знакаў, усталяваных сваякамі рэпрэсаваных на Кабыляцкай гары.

Крыжы і помнікі на Кабыляцкай гары
Крыжы і помнікі на Кабыляцкай гары

«Цяжка сказаць, колькі людзей тут пахавана! Я хачу да кожнага крыжа пакласьці кветкі, бо веру: калі мы будзем помніць пра тую трагедыю, то будзем жыць годна і справядліва», — сказала Дзіна Кацар, прыйшоўшы на Кабыляцкую гару зь вялізным букетам жывых кветак.

Дзіна Кацар
Дзіна Кацар

Разам зь іншымі нашчадкамі рэпрэсаваных яна зьвярталася ў Аршанскі райвыканкам наконт ушанаваньня памяці сваякоў, расстраляных на Кабыляцкай гары. Тагачасны кіраўнік раёну Аляксандар Пазьняк паабяцаў, што будзе зроблена мэмарыяльная шыльда са словамі «Памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій» на чатырох мовах: беларускай, расейскай, польскай і іўрыце. Аднак на мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка адправіў Пазьняка ў адстаўку. Як паставіцца да просьбы сваякоў рэпрэсаваных ягоны наступнік Ігар Ісачэнка — пакуль не вядома.

Аршанскія курапаты: што важна ведаць

1. У 1982 годзе, калі будавалі чыгунку ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, знайшлі чалавечыя парэшткі. Створаная ў Воршы адмысловая камісія афіцыйна прызнала, што гэта парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Кабыляцкая гара была прызнана месцам масавых расстрэлаў упершыню ў Беларусі — раней за менскія Курапаты.

2. Першы помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій зьявіўся тут у 1990 годзе, яшчэ ў часы СССР. Паводле распараджэньня тагачасных уладаў Воршы тут паставілі стандартную жалезную «тумбачку» — сапраўдны помнік меліся зрабіць пазьней.

Часовы помнік на Кабыляцкай гары, пастаўлены ў 1990 г. (фота з архіву Віктара Андрэева)
Часовы помнік на Кабыляцкай гары, пастаўлены ў 1990 г. (фота з архіву Віктара Андрэева)

3. У 1994 годзе на прапанову аршанскага гісторыка Юрыя Копціка замест помніка на Кабыляцкай гары паставілі камень-валун, а на ім — шыльду з радкамі Ганны Ахматавай: «Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать». Неўзабаве шыльду скралі вандалы, сьледам за ёй і наступную.

Помнік-камень, усталяваны ў 1994 годзе
Помнік-камень, усталяваны ў 1994 годзе

4. Пасьля 1994 году мясцовыя ўлады забыліся на помнік. Чыноўнікі сюды не зьяўляліся ні разу, але грамадзкія актывісты штогод зьбіраліся на Дзяды і займаліся добраўпарадкаваньнем гэтых мясьцін. У сярэдзіне 1990-х тут пачаў стыхійна стварацца самаробны мэмарыял: нашчадкі рэпрэсаваных пачалі ставіць крыжы і помнікі ў памяць пра сваіх родных.

Самаробны мэмарыял у лесе
Самаробны мэмарыял у лесе

5. Кабыляцкая гара — не адзінае месца сталінскіх расстрэлаў, вядомае аршанцам. Старажылы кажуць, што ў 1930-я гады расстрэлы адбываліся і ў Харкаўскім лесе каля магілёўскай шашы, і ў мясцовай турме, якую зрабілі ў мурах езуіцкага калегіюму. Нашчадкі рэпрэсаваных і мясцовыя актывісты хочуць паставіць памятныя знакі і ў гэтых месцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG